Асуджаныя ў Літве высылаюць грошы сем’ям, якія засталіся на волі
Літоўскім вязням дазволілі карыстацца камп’ютарамі па тры гадзіны ў дзень. А яны аб’явілі галадоўку.
Еўрарадыё параўнала ўмовы ўтрымання беларускіх і літоўскіх вязняў.
Раней камп’ютарамі ў літоўскіх турмах маглі карыстацца неабмежавана! І хаця Інтэрнэт на тэрыторыі турмы забаронены, некаторыя вязні карысталіся ім… нелегальна. Праносілі на тэрыторыю мадэмы.
“Інтэрнэтам нельга было і раней карыстацца! Але яны хочуць карыстацца, таму рабілі гэта нелегальна. Супраць закона. Часам, ведаеце, як гэта… карысталіся мадэмамі, якія таксама забароненыя”, - скардзіцца Еўрарадыё прэс-сакратар Дэпартамента турмаў Міністэрства юстыцыі Літвы Аўдрэ Мішкейнэ.
З 1 красавіка карыстанне камп’ютарам скарацілі да трох гадзін на дзень. Таксама скароцяць асартымент прадуктаў у турэмных крамах. Зразумела, што новаўвядзенні асуджаным не спадабаліся... Па словах Аудрэ Мішкейнэ больш за дзве тысячы вязняў у Літве праводзяць галадоўку.
Еўрарадыё даведалася, ці могуць карыстацца камп’ютарамі вязні ў беларускіх турмах.
“Але ж мы не Літва! У нас іншая краіна”, - тлумачаць у Дэпартаменце выканання пакаранняў у Мінску. - Ды ў нас людзі на "грамядзянцы" не ўмеюць карыстацца камп’ютарамі, а вы хочаце, каб карысталіся вязні?”
І задае лагічныя пытанні:
“А хто будзе плаціць за інтэрнэт, за сувязь? Такой функцыі ў нас няма. Камп’ютарам не карыстаюцца таксама. Бо калі будзе камп’ютар – будзе і інтэрнэт. Адпаведна – няма ні таго, ні іншага”.
А вось асартымент у крамах на тэрыторыі беларускіх турмаў – усё, што трэба… Запэўніваюць Еўрарадыё ў Дэпартаменце выканання пакаранняў:
“Крамы ёсць у кожнай установе. Па-іхняму – ларкі. Асартымент – самае важнае, што трэба чалавеку – ад прадуктаў харчавання да сшыткаў у клетачку... Туалетная папера, нажніцы, асадка, аловак”.
Працуюць зняволеныя як у беларускіх, так і ў літоўскіх турмах.
“У нас у турме ўсе працуюць, як і паўсюль ў турмах – часовыя некваліфікаваныя працоўныя месцы. Штосьці трэба пачысціць, памыць. Ім плацяць”, - кажа намеснік дырэктара Ковенскай турмы.
Заробкі, кажа, вельмі розныя. Колькі дакладна грошай – не называе. Але, адзначае, некаторыя нават высылаюць грошы сем’ям, якія засталіся на волі!
“Вельмі розныя. У кожнай турме па-рознаму. У адных вырабляюць мэблю, у іншых – штосьці з металу. Заробкі розныя. А яны пасля купляюць сабе прадукты ў крамах, у каго ёсць іскі, пакрываюць свае іскі. Пасылаюць грошы сваім сем’ям і г.д. Абутак сабе купляюць”.
Што ядуць вязні ў літоўскіх турмах, не называюць, бо кажуць, што кожны дзень – гэта штосьці рознае…
Турма ў Коўне: “Кожны дзень – рознае. Меню на месяц складаецца... Тры разы на дзень. Але кожны дзень рознае – то гарбата, то кава, то малако… Абавязкова фрукты і салаты. Усё зацверджана па нормах – колькі калорый і г.д.”
Дарэчы, як даведалася Еўрарадыё, літоўскія зняволеныя пры жаданні змогуць карыстацца камп’ютарамі і больш за тры гадзіны на дзень.
“Па дазволе дырэктара, гледзячы, што яны там робяць, змогуць карыстацца і больш. Калі там па працы ці па вучобе трэба…”, - кажа намеснік дырэктара турмы.