Баршчэўскі: Не магу, каб дзеянні гэтай Партыі БНФ праецыраваліся на мяне!

Каля 100 актывістаў Партыі БНФ пакінулі партыю. Сярод іх такія вядомыя фігуры, як Алесь Марачкін, Юрый Хадыка, Вацлаў Арэшка, Галіна Сямдзянава, Лявон Баршчэўскі. Што падштурхнула партыйцаў, стаж некаторых з якіх “Беларускім народным фронце” дасягае 20 гадоў, да таго, каб выйсці з партыі?

“Партыя перарадзілася, партыя перастала ўспрымацца грамадствам як апазіцыйная сіла. Як сіла, якая можа рэальна супраціўляцца рэжыму. І гэты працэс, які пачаўся некалькі гадоў таму, знайшоў завяршэнне пры сучасным кіраўніцтве”, — распавёў у жывым эфіры Еўрарадыё экс-старшыня, а цяпер і экс-сябра Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.

На думку сп. Баршчэўскага, удзел Рыгора Кастусёва ў выбарах — гэта быў удзел спарыг-партнёра з фатальным вынікам. Ніколі прэтэндэнт ад Партыі БНФ ні на якіх выбарах не меў такой малой падтрымкі, нават па статыстыцы ад незалежных назіральнікаў, — кажа ён.

“Гэта правал, які аднак новае кіраўніцтва не абмеркавала, не дало ацэнкі. Я чакаў гэтай ацэнкі, што яна будзе. Што будуць зробленыя самыя жорсткія высновы, аналіз зробленых памылак. Якія пачаліся з таго, як, фактычна, Партыя БНФ перайшла пад кіраўніцтва Мілінкевіча і яго каманды”, — дадаў Баршчэўскі.

Рабіць нейкі ўнутраны пераварот, арганізоўваць нейкую фронду і спрабаваць памяняць кіраўніцтва ва ўмовах, калі яно знаходзіцца пад кантролем “чужых людзей”, Лявон Баршчэўскі лічыць не вартым:

“Любая структурная праца адразу перасякалася. Канечне, апошняй кропляй было выдаленне  самых перспектыўных маладых сяброў Партыі БНФ. Я маю на ўвазе Франака Вячорку, Антона Койпіша, яшчэ некаторых людзей. Атрымліваецца, кіраўніцтва ўзяло шлях на тое, каб узяць уладу і не падпускаць нікога разумнейшага перспектыўнейшага за сябе. Але самая вялікая бяда — гэта поўная адмова ад інтэлекту! Ад інтылектуальнага асяродзя партыйнага!”

На думку сп. Баршчэўскага, Партыя БНФ славілася сваім інтэлектам, але зараз інтэлектуалы, якія не падтрымалі курс сённяшняга партыйнага кіраўніцтва, сыйшлі. Цалкам магчыма (і іншы экс-сябар Партыі БНФ Вацлаў Арэшка ўжо казаў пра гэта), што яны створаць новую партыю, заснаваную на старых каштоўнасцях “Беларускага народнага фронта”.

Лявон Баршчэўскі: “Магчыма, я асабіста пакуль не буду ні ў якую партыю уступаць, бо мне трэба гэта ўсё  асэнсаваць. Хапае працы, беларускай працы. Але я не магу, каб дзеянні сённяшняй Партыі БНФ спраецыраваліся на мяне, я катэгарычна не згодны з тым, што рабілася перад прэзідэнцкімі выбарамі, што рабілася пасля выбараў, з паводзінамі самога кандыдата Рыгора Кастусёва. Гэта ўсё не мой дух, не мой стыль і гэта не той рух, якая стваралася ў канцы 1980-х пачатку 1990-х”.

На думку Баршчэўскага тое, што сёлета адбываецца ў Партыі БНФ — гэта канфлікт каштоўнасцяў. Пра каштоўнасці, што былі страчаныя цягам апошніх гадоў, палітык сказаў настыпнае:

“У першую чаргу, гэта разуменне Беларусі як краіны перспектыўнай, краіны з будучыняй, краіны-не-хутара-сярод-Еўропы. І краінай, якая кіруецца розумам і інтэлектам, а не пустымі нічым не падмацаванымі лозунгамі. Наша самастойнасць можа збудавацца толькі на інтэлекце. А інтэлект быў фактычна выгнаны з партыі”, — падсумаваў Лявон Баршчэўскі.

Фота: www.svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі