Бацькі Сурапіна сустрэлі сына “шведскім сталом”
Фатограф, які першым апублікаваў фота са “шведскімі мішкамі”, вярнуўся дадому пасля 35 дзён за кратамі.
“Пазванілі мне каля шостай гадзіны і гавораць: "Зараз з вамі будуць размаўляць". І далі трубку Антону… Я ўжо адразу зразумела, што вызваляюць. Званіў сын з Мінска. Ужо везлі яго дадому. Мне той чалавек сказаў, што прывязуць… Я дзве гадзіны чакала — нікога няма. Ператэлефаноўваю — кажуць, што траса загружаная. А потым прывезлі на працу яго, забралі мяне і мужа і адвезлі дадому. Чалавек той сказаў, што ўсё будзе добра, што Антон — харошы хлопец”, — расказвае мне маці Антона Сурапіна Алена і запрашае за стол.
У кватэры ўжо поўна журналістаў, пераважна — фатографы, а новыя прыбываюць і прыбываюць. Цягну Антона на балкон, застаўлены слоікамі з памідорамі і гуркамі. Парослы шчаціннем Сурапін зачыняе дзверы і паказвае на вялікі празрысты пакет, поўны цыгарэтаў: “Будзеш? З “амерыканкі” прывёз”. Ад такога пачастунку адмовіцца немагчыма.
“Разбудзілі мяне 13 ліпеня супрацоўнікі КДБ. Прачнуўся ад грукату ў дзверы. Прыйшлі з ператрусам. Прабач, я ўсяго не магу расказаць… Адвезлі мяне ў КДБ, там пастанова аб затрыманні на 72 гадзіны, потым на 10 сутак. Усё, як пісалі… Я не вельмі здзівіўся. У Беларусі незалежнай журналістыкай займацца небяспечна ж”, — кажа Антон бадзёра, але бачна, што словы падбірае. Асабліва, калі пытаюся пра допыты і ўмовы ўтрымання ў КДБ.
Журналіст распавядае, што спачатку чакаў вызвалення адразу ж. Потым праз трое сутак, потым праз дзесяць. Калі прайшлі і яны, пачалося звычайнае жыццё. За ўвесь час Сурапін змяніў дзве камеры. Спачатку сядзеў у “двушцы”, потым у “тройцы”.
“Нармальныя хлопцы, нармальныя адносіны. Адзін па наркотыках сядзеў, а іншы прасіў пра яго не расказваць, — кажа Сурапін пра сукамернікаў. — Мы праз АНТ за справай “цацачнага дэсанту” сачылі. Іншай інфармацыі не было. Я, каб ведаў, што так надоўга застануся, то выпісаў бы газеты. Але ж спадзяваўся выйсці раней нашмат, таму не выпісваў”.
Лісты да Сурапіна амаль не даходзілі. Толькі ад родных. Пра вызваленне даведаўся, толькі калі пабачыў следчага на калідоры. Расказвае, што прачнуўся раніцай, паснедаў. А пад вечар раптам адчыніліся дзверы і адтуль прагрымела: “Сурапін, збірай рэчы”. Хлопец прызнаецца, што нават перадачу, якую раніцай атрымаў, забраў з сабой: думаў, што проста ў іншую камеру пераводзяць. Цяпер шкадуе, што не пакінуў харчоў былым сукамернікам.
З бацькам і маці.
Пра саму справу аб перасячэнні мяжы даведваюся ад Сурапіна вельмі мала — таямніца следства. Цікавы момант: пра затрыманне рыэлтара Башарымава Антон Сурапін пачуў толькі ў мінулы чацвер таксама з навінаў тэлеканала АНТ. Дагэтуль нават не здагадваўся аб існаванні яшчэ аднаго затрыманага па справе “цацачнага дэсанту”. На шведаў журналіст крыўды не трымае.
“Я думаю, гэта было весела. А што тычыцца майго затрымання, то… ведаеце, як у акцыі падтрымкі гаварылася — “самі пра***лі, самі адказвайце”. Я толькі сваю журналісцкую працу зрабіў”.
Размову на балконе рашуча перарывае маці Антона — яна цягне журналістаў за стол ледзь не сілком. Шкадуе, што сын пачаў паліць і прапаноўвае частавацца чым заўгодна: “Частуйцеся, гэта ў нас такі “шведскі стол” сёння. Тут амаль усё з сённяшняй перадачы Антону ў “амерыканку”. Ён жа назад прывёз яе”.
Развітваюся з бацькамі Сурапіна не з першага разу. Шчаслівыя, яны цягнуць мяне зрабіць фота на памяць. Антон тым часам ужо сядзіць за камп'ютарам — па іроніі лёсу яго сайту сёння спаўняецца роўна год. Кажа, што калі б у СІЗА КДБ яму далі ноўтбук і інтэрнэт — гатовы быў бы там застацца яшчэ на некаторы час.