Допінг выяўлены ў яшчэ аднаго беларускага алімпійца?
Яго прозвішча не называецца. Па неафіцыйнай інфармацыі, гаворка не ідзе пра медаліста Алімпіяды ў Лондане.
Гэтую сенсацыйную вестку ўвечары 15 жніўня паведаміў БелаПАН.
Тым часам, беларускі бок рыхтуецца абскардзіць рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта аб дыскваліфікацыі чэмпіёнкі Алімпійскіх гульняў у штурханні ядра Надзеі Астапчук, паведамляе Нацыянальны алімпійскі камітэт.
Нагадаем, 13 жніўня на сайце Міжнароднага алімпійскага камітэта была змешчана інфармацыя пра тое, што ў беларускі Надзеі Астапчук будзе забраны залаты медаль. У допінг-пробах спартоўкі знайшлі прэпарат-анаболік.
Раней намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга заявіў, што ў яго ведамстве Астапчук па-ранейшаму разглядаюць як алімпійскую чэмпіёнку. На думку прэс-сакратара кіраўніка дзяржавы Паўла Лёгкага, спартсменку не варта пазбаўляць ордэна Айчыны III ступені, якім яна была ўзнагароджана за залаты медаль у Лондане. Дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Аляксандр Ванхадла паведаміў, што НАДА і Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі правядуць ўласнае расследаванне інцыдэнту.