“Беларусы перакладаюць з польскай тое, што і 150 гадоў таму!”

 

Амбасада Польшчы ў Мінску сумесна са “Studia-Movia” і кракаўскім Інстытутам кнігі задумала адмысловую “Лабараторыю літаратурнага перакладу” не проста так. Аказваецца, у польска-беларускага перакладу дзве бяды. Першая — вось ужо 150 гадоў перакладаюць ледзьве не аднаго Міцкевіча. Другая — перакладаюць толькі “сваіх”, хто мае дачыненне да Беларусі. Гаворыць кіраўніца “Лабараторыі” Інэса Кур’ян. 

Інэса Кур’ян: “Мы ўжо зрабілі на першым занятку адкрыццё, што ў беларускіх перакладах ёсць цікавая тэндэнцыя — перакладаць аўтараў, звязаных з Беларуссю. Такое “прысвойванне”! Спачатку выпрацоўваўся тэрмін для перакладаў Міцкевіча, Ажэшкі, Сыракомлі, Крашэўскага — што гэта “польскія аўтары, якія паходзілі з Беларусі”. На сённяшні момант назіраецца тэндэнцыя з гэтага акрэслення перайсці на іншае — што гэта “беларускія аўтары, якія пісалі па-польску”! Такое адчуванне, што калі мы перакладзем Міцкевіча цалкам і ён загаворыць па-беларуску — усе забудуцца, што гэта польскамоўны паэт!” (смяецца)

Інэса Кур'ян

 

Спадарыня Інэса кажа, што мы раўняемся на Дуніна-Марцінкевіча — але не ў той справе!

 

Інэса Кур’ян: “Мы часам, гледзячы на тое, што Дунін-Марцінкевіч ў 1859 годзе пераклаў “Пана Тадэвуша” Міцкевіча, думаем, што і мы цяпер павінны гэта перакладаць, пераймаючы традыцыю. Але не ўлічваем, што Дунін-Марцінкевіч перакладаў сучасніка — усяго толькі праз 4 гады пасля смерці Міцкевіча! Мы не ўлічваем, што жаданне перакладаць тое, што цяпер адбываецца ў літаратуры, — вось, што было ўласціва Дуніну-Марцінкевічу. І нам трэба перакладаць сучасную літаратуру — як гэта і рабіў Дунін-Марцінкевіч!”

Першы занятак "Лабараторыі"

 

Дарэчы, конкурс у “Лабараторыю” склаў… 1,7 чалавека на месца!

 

Інэса Кур’ян: “У нас было 17 заяваў у гэтым годзе — а выбраць трэба было 10 чалавек. Выбраць было вельмі цяжка, бо сярод заяваў былі людзі нефілалагічных прафесіяў, але якія цікавяцца польскай літаратурай і ведаюць польскую мову. Была вельмі цікавая дзяўчына, якая з’яўляецца архітэктарам, цікавіцца польскай архітэктурай… Быў спадар, які паводле прафесіі рыэлтар, але цікавіцца польскай сучаснай паэзіяй. Мы адабралі толькі філолагаў і аднаго філосафа. Але вось цяпер я разважаю, што выключна філалагічны набор — можа, і не зусім правільны… Трэба даваць магчымасць развівацца ў перакладзе і іншым — і могуць быць вельмі таленавітыя вынікі!”

 

Дарадца па культуры Амбасады Польшчы ў Мінску пані Эльжбета Шчэпаньска-Дамброўска прыгадвае, як узнікла ідэя такіх перакладніцкіх студыяў.

 

Эльжбета Шчэпаньска-Дамброўска: “Ідэя ўзнікла ў нашых партнёраў з фірмы Studia-Movia і пані Інэсы Кур’ян, якая ўжо даўно назірае за развіццём дзейнасці беларускіх перакладчыкаў. Пані Інэса Кур’ян звярнулася з такой ініцыятывай у Амбасаду. І мы вырашылі знайсці ўсе магчымыя сродкі, каб увасобіць яе ў жыццё, бо лічым, што гэты праект вельмі цікавы! Спадзяюся, што гэты праект пераўтворыцца ў цыкл падобных праектаў!”


Эльжбета Шчэпаньска-Дамброўска


Пані Эльжбета кажа, што найважнейшая задача лабараторыі — пазнаёміць беларусаў з сучаснай польскай літаратурай. І што палякі вельмі зацікаўленыя ў беларускіх перакладах.

Эльжбета Шчэпаньска-Дамброўска: “Натуральна! Кожны, хто працуе ў адпаведных польскіх арганізацыях, хоча, каб літаратура ягонай краіны папулярызавалася і цікавіла замежнага чытача! Гэтак сама, як і прадстаўнікам іншых дыпмісіяў хочацца, каб папулярызавалася літаратура іх краін. Мы заўважалі тэндэнцыі, пра якія казала сёння ў лекцыі спадарыня Інэса Кур’ян, — пра тое, што перакладаюцца тыя самыя аўтары, і мы дагэтуль застаемся ў перакладах у рамантызме ХІХ стагоддзя. Таму нам вельмі хочацца, каб беларускі чытач меў магчымасць пазнаёміцца менавіта з сучаснай польскай літаратурай!”

На прэзентацыі "Лабараторыі"

  

Заняткі будуць адбывацца тры разы на тыдзень цягам чатырох месяцаў. Два заняткі па дзве лекцыі абавязковыя — па аўторках і чацвяргах. Па суботах — кансультацыі наконт перакладаў, якія выконваюць навучэнцы. Пасля сканчэння “Лабараторыі” будзе вызначаны найлепшы навучэнец.

Інэса Кур’ян: “Людзі будуць працаваць над перакладамі пэўных аўтараў: вывучаць іх мову, стыль, кантэкст. Урэшце можна будзе вылучыць найбольш здольнага перакладчыка — і ўзнагародзіць яго прэміяй “Лёгкае пяро”, якое будзе гарантаваць выданне персанальнай перакладной кнігі”.

 

Пераклады астатніх навучэнцаў, выкананыя ў часе навучання, складуць адмысловы альманах. Апроч лекцыяў і семінараў у мінскіх аўдыторыях, плануюцца выязныя сесіі — у тым ліку з удзелам запрошаных з Польшчы спецыялістаў.

Інэса Кур’ян: “Ужо ў гэтую пятніцу з намі ў Слабодку (Браслаўскі раён) паедуць асобы, якія даследуюць творчасць Юзэфа Чаховіча — вядомага люблінскага паэта-авангардыста, які быў настаўнікам у беларускай вёсцы Слабодка. Паедзе Яраслаў Цымерман, спадар Аляксандр Вуйтовіч з Люблінскага ўніверсітэта, спадарыня Вольга Зенчук з вядомага тэатра NN у Любліне. І яны будуць нам прадстаўляць свае даследаванні па-польску ў Слабодцы — у касцёле, які стане на нейкі час аўдыторыяй”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі