Безальтэрнатыўны кандыдат: Зняцце "кандыдата ўлады" для мяне навіна!
У Гомелі ў кандыдата ад “канструктыўнай апазіцыі” не засталося канкурэнтаў.
У аўторак стала вядома, што з выбараў зняўся праўладны кандыдат, былы дарадца Аляксандра Лукашэнкі Ігар Пракапенка. А разам з ім зняўся і кандыдат ад АГП Уладзімір Няпомняшчых. У выніку, па Навабеліцкай акрузе ідзе толькі адзін кандыдат — прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Мельнікаў — 31-гадовы энергетык прыватнага прадпрыемства. Еўрарадыё паразмаўляла з нечакана безальтэрнатыўным кандыдатам.
Еўрарадыё: Сяргей, магчыма, вам вядомыя прычыны зняцця з выбараў вашага галоўнага апанента — Ігара Пракапенкі?
Сяргей Мельнікаў: Я не ведаю, чаму Пракапенка зняўся з выбараў. Гэта для мяне самога была навіна. Насамрэч моцны кандыдат быў. Не ведаю. Аб гэтым нічога вам пракаментаваць не магу.
Еўрарадыё: Як зараз ацэньваеце свае шансы на перамогу? Вы засталіся адзіным кандыдатам у акрузе.
Сяргей Мельнікаў: Як людзі за мяне прагаласуюць, так яно і будзе. Мы ў партыі спадзяемся, што людзі выйдуць за мяне галасаваць. Вельмі шмат працы зроблена. Ужо людзі мяне ў твар пазнавалі, праграму партыі ведаюць. На сайт наш шмат хто заходзіў. Будзем чакаць 23 верасня.
Еўрарадыё: У ход кампаніі не ўносілі карэкціровак? Магчыма, расслабіліся і не будзеце больш агітаваць?
Сяргей Мельнікаў: Не. Мы не расслабіліся. Кампанія працягваецца. Давераныя асобы расклейваюць плакаты, сёння пойдзем па кватэрах агітаваць. Пастаянна працуем, каб як мага больш людзей пра нас даведалася.
Еўрарадыё: На вашу думку, партыйная прыналежнасць не перашкодзіць трапіць у парламент? Кіраўніцтва ЛДПБ называе партыю "канструктыўнай апазіцыяй", а ўсім вядома, што апазіцыі трапіць ва ўладу даволі няпроста.
Сяргей Мельнікаў: Я думаю, што гэта мне не перашкодзіць.
У Гомелі ў безальтэрнатыўнай акрузе застаўся прадстаўнік партыі Гайдукевіча
Фота — bymedia.net, Еўрарадыё