БТ на 5 хвілін “падфарбуе” кандыдатаў у дэпутаты

Тэлезвароты ў эфіры “Беларусь 2” пакажуць у прайм-тайм. “Практычна з 27 чысла яны ўжо могуць быць у эфіры”, — расказвае Еўрарадыё сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

120822 Pilecki Efir.mp3

Кожны з кандыдатаў у дэпутаты мае на пакарэнне сэрцаў сваіх выбаршчыкаў па 5 хвілін эфіру радыё і тэлебачання. А ў дадатак — дэбаты. Іх працягласць залежыць ад колькасці удзельнікаў. Кожнаму даецца яшчэ па 5 хвілін, плюс — пяць хвілін на вядучага. У выніку, маем дэбаты трох кандыдатаў працягласцю дваццаць хвілін. Калі жадаючых трапіць у парламент будзе больш, то і дэбаты працягнуцца даўжэй.

Хто за кім з кандыдатаў будзе з’яўляцца на экранах тэлевізараў — вызначыць лёсаванне, яго правядуць у адзін дзень з рэгістрацыяй у выбаркамах.

Тэлефаную ў “Белтэлерадыёкампанію”, каб даведацца падрабязнасці пра выступы кандыдатаў. Там абяцаюць, што ўсё пакажуць у прайм-тайм.

“Выбары-2012, як яны ў нас абазначаныя ў эфіры тэлеканала “Беларусь 2”, у іх гадзіна эфіру. Гэта 19-гадзінавая лінейка, з 19 гадзін да 20-ці. У эфіры гэта ўжо ў панядзелак з’явцца, 27-га”.

Праўда, толькі ў будні. Па выходных кандыдатаў у дэпутаты мы не пабачым. Але вось за знешні выгляд меркаваных народных выбраннікаў можна не турбавацца. Іх абяцаюць загрыміраваць і паказаць з лепшага боку. Адно што вопратку сваю не дадуць.

“Па вопыце мінулых гадоў, яны самі пажаданні выказваюць. Не думаю, што яны тут у нас будуць вопратку выбіраць. А грым – гэта вядома. Яны будуць у кадры, і калі ён патрэбны, то загрыміруюць. Гэта тэлевізійная практыка. Чалавек жа у кадры, і ёсць свая спецыфіка падрыхтоўкі адпаведнай карцінкі”.

Праўда, такога экшану, які мы бачылі на тэлеэкранах падчас выступаў кандыдатаў у прэзідэнты, чакаць не варта. Мікалай Лазавік паведаміў Еўрарадыё, што і выступы, і спрэчкі кандыдатаў пакажуць выключна ў запісе. На ўсякі выпадак, каб чаго не выйшла.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі