Бяляцкі вінаваты падаткавікам 143,7 мільёна рублёў?
Камітэт дзяржкантролю апублікаваў афіцыйнае паведамленне для прэсы, у якім гаворыцца пра крымінальную справу нейкага “грамадзяніна 1962 года нараджэння”.
Імя Алеся Бяляцкага ў гэтым прэс-рэлізе не пазначанае, аднак сказана, што 4 жніўня органы фінансавага расследавання завялі на памянёнага “грамадзяніна” крымінальную справу паводле ч.2 арт.243 КК Беларусі.
Праверка, якая папярэднічала следству, выявіла, што фігурант справы ў 2009-2010 годзе падаваў у падатковыя органы дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці, у тым ліку і аб прыбытках з-за мяжы. Але ж у дэкларацыях ён паказваў толькі нязначную частку прыбыткаў.
Па звестках КДК, сума прыбыткаў, не ўказаных у дэкларацыях, перавысіла 1 мільярд рублёў. А падаходнага падатку з гэтай сумы трэба сплаціць на 143,7 мільёна рублёў.