Чаму ў ЦВК няма ніводнай скаргі ад назіральнікаў?

“Трэба, каб нам нехта факт прад’явіў. Што, вось, насамрэч нешта недзе адбылося, мела месца. А тое, што толькі ў інтэрнэце пішуць, яна магло насамрэч адбыцца, а магло і не адбыцца”, — расказвае сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

120921_pilecki_naziralniki.mp3

І мае рацыю — у інтэрнэце шмат чаго пішуць. Аднак пакуль у Цэнтральную выбарчую камісію, па словах чыноўніка, не паступіла ніводнай скаргі.

Рух “За свабоду” і грамадзянская кампанія “Гавары праўду” арганізавалі ў 101-ай выбарчай акрузе Мінска шчыльнае назіранне. Там 33 участкі для галасавання, 28 з іх закрылі назіральнікамі. У будныя дні працавала 50 чалавек, у выходныя — абяцаюць больш. Па іх словах — на большасці ўчасткаў камісіі завышаюць лічбу прагаласаваўшых. Дзе-нідзе нават удвая.

Адзін з кіраўнікоў руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч гаворыць, што справа можа дайсці да суда.

“Я думаю, што калі мы назбіраем дастатковую колькасць парушэнняў, а іх ужо цяпер шмат для таго, каб прызнаць, што выбары не адбыліся, мы пакладзем іх у аснову звароту ў ЦВК, альбо ў Вярхоўны суд. І мы будзем патрабаваць прызнання выбараў несапраўднымі”.

Назіральнікі наракаюць, што працаваць ім складана. І гэта нельга, і тое забаронена. Чытаю Выбарчы кодэкс. Ім насамрэч дазваляецца няшмат. Толькі сядзець на ўчастку могуць. Ды і то толькі там, дзе камісія дазволіць. Нельга нават назіраць за працэсам падліку галасоў.

Кандыдаты ў дэпутаты гэта рабіць могуць. Толькі вось мала іх засталося ў апазіцыі — БНФ і АГП усіх сваіх кандыдатаў з выбараў паздымалі. Цяпер частка з іх працуе… назіральнікамі.

Зняў БНФ і свайго кандыдата па згаданай 101-ай акрузе — Арцёма Ляву. Цяпер ён ходзіць на ўчасткі ў якасці простага назіральніка. Каардынатар назірання па акрузе Юрась Меляшкевіч расказвае, што Лява цяпер не можа нават зрабіць там фотаздымкаў, каб зафіксаваць парушэнне.

“Тэхнічнымі сродкамі мы спрабавалі карыстацца. Вось Арцём Лява таму прыклад. Ён спрабаваў фатаграфаваць на ўчастку. Яму гэта забаранілі і выдалілі з участка. У назіральнікаў у гэтым плане мала паўнамоцтваў. Яны нават не могуць вольна перамяшчацца па ўчастку”.

Ці змаглі нешта зрабіць назіральнікі, стане зразумела пасля выбараў. Дагэтуль перамогу ніводнага праўладнага кандыдата аспрэчыць у ЦВК альбо Вярхоўным судзе не ўдавалася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі