“Чорны спіс” беларускіх чыноўнікаў пашыраць крыху пазней
Спіс асобаў, якім забаронены ўезд у ЕС, застаўся нязменным, але пашыраны спіс крытэраў, па якіх гэтыя санкцыі будуць накладацца.
Цягам бліжэйшых тыдняў будзе прынятае дакладнае рашэнне, на якіх асобаў могуць накласці санкцыі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Еўрасаюза Мая Качыянчыч:
“Дадатковых санкцыяў сёння накладзена не было. Што адбылося, дык гэта міністры замежных справаў краінаў ЕС пашырылі сферу, у якой гэтыя санкцыі будуць прымяняцца. Па новых крытэрах, пад санкцыі патрапяць асобы, датычныя да сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека і ціску на грамадзянскую супольнасць і дэмакратычную супольнасць, а таксама асобы, якія жывуць за кошт рэжыму альбо падтрымліваюць яго. На базе гэтых крытэраў мы прымем рашэнне па дадатковых абмежавальных захадах бліжэйшымі тыднямі”.