Das Fest: Славутыя нямецкія поп-зоркі катэгарычна адмаўляюцца ехаць у СНД

Распачаць нялёгкую справу — новы фэст у Мінску, ды прычым, нямецкай музыкі адважыліся дзве ўсмешлівыя дзяўчыны — Любоў Смірнова і Алена Раўнейка. На кволыя дзявочыя плечы леглі перамовы, візы, самалёты і клуб “Рэ:паблік”. Менавіта там 17 лістапада і пройдзе Das Fest. Пра яго ўдзельнікаў і будучыню чытайце тут!

Еўрарадыё: Адкуль узялася ідэя зладзіць падобны фэст у Беларусі?


Любоў Смірнова: Цягам 10 гадоў я захапляюся нямецкай музыкай. Пачыналася гэта ўсё з андэграўнднай сцэны — я слухала цяжкую музыку, але не Rammstein (смяецца) — некалькі іншага кшталту. Увесь гэты час я ездзіла ў Германію на канцэрты і вось ужо амаль 2 гады працую з нямецкай музыкай. Я супрацоўнічаю з лэйблам, дзе займаюся піяр-падтрымкай, піяр-кансультаваннем. У выніку, завяліся знаёмствы з нямецкімі музыкамі і прадзюсарамі. І было вырашана прывезці знаёмых музыкаў сюды. Спачатку гэта мусіў быць сольны канцэрт Марціна Кілгера, а потым ён прапанаваў дадаць яшчэ некалькі выканаўцаў, і так нарадзілася ідэя фэсту. Прычым, яна нарадзілася, дагэтуль нараджаецца і працягвае нараджацца! У нас вялікая колькасць ідэй. Мы плануем праводзіць гэтае мерапрыемства штогод.

Любоў Смірнова

Еўрарадыё: Ці цяжка зладзіць падобнае мерапрыемства ў Мінску? Ці шмат выдаткаў яно патрабуе? Напэўна, не на вашы ўласныя грошы ладзіцца фэст…


Любоў Смірнова: Так, вядома. Вядома, у нас ёсць спонсар. Напрыканцы мінулага году ў Мінску адкрыўся “Нямецкі піўны паграбок” — там ёсць піва і нямецкая нацыянальная кухня, гучыць нямецкая музыка. Людзі туды прыходзяць не проста адпачыць і паесці. Яны прыходзяць прыняць, даведацца, узяць сабе частку культуры. Дык вось, спонсар падтрымаў нашу ідэю ад самага пачатку. Вядома, бюджэты не малыя. І нават не ў грошах справа. Мы ўклалі рэальна шмат сілаў у гэты праект, патрацілі шмат нерваў. Таму што складана прывозіць з Германіі такую колькасць музыкаў, прычым, з розных гарадоў. Частка з іх ляціць са Швейцарыі, частка — з поўначы, іншыя — з захаду і поўдня.

Алена Раўнейка: З кожным даводзіцца весці свой дыялог. У кожнага свой райдар, свае патрабаванні, свая музыка — усе яны адрозніваюцца па стылі. То бок, гэта чацвяртныя высілкі па чатырох напрамках і плюс — яшчэ бэнд.

Крыс Косма

Еўрарадыё: Дарэчы, чаму менавіта гэтыя выканаўцы наведаюць Мінск? Якім чынам вы іх адбіралі?


Любоў Смірнова: Мы запрасілі музыкаў, якія граюць добрую і якасную поп-музыку, пазітыўную і рамантычную. То бок, музыку, якая можа спадабацца кожнаму.

Еўрарадыё: А гэта папулярныя ў сябе на радзіме выканаўцы? Іх песні гучаць па радыё?


Любоў Смірнова: Так, вядома! Па-першае, яны актыўна раціруюцца на радыё і тэлебачанні. Крыс Косма (Cris Cosmo), які прыедзе на фэст, удзельнічаў у “Вundesvision song contest” — гэта нямецкі аналаг “Еўрабачання”. То бок, між сабой, як на “Еўрабачанні” спаборнічаюць краіны, у Германіі спаборнічаюць землі. Гэта цікавая падзея, якая курыруецца Штэфанам Раабам (Stefan Raab) — вядомым тэлевядучым і прадзюсерам, які прадзюсаваў Лену на “Еўрабачанні”. То бок, гэта яго праект і ён такім чынам адбірае сабе таленавітых музыкаў. Крыс Косма браў удзел у гэтым годзе, і даволі паспяхова. Там, вядома, была вялікая канкурэнцыя. Але мы ім ганарымся (смяюцца).

Еўрарадыё: Выканаўцаў, якія прыедуць у Мінск, некаторыя мінскія знаўцы нямецкай музыкі называюць “нямецкай ванільнай пластмасай”. Маўляў, на іх варта ісці толькі таму, каму за 30 і хто аддае перавагу касцюмам.


Любоў Смірнова: Не! Насамрэч гэта вельмі розныя выканаўцы і яны граюць музыку для самай шырокай аўдыторыі. Марцін Кілгер — ён увогуле ўніверсальны выканаўца. Так, яго аўдыторыя — гэта людзі пасля 25. Таму што яго музыка — дарослая, сур’ёзная. Але я не скажу, што яна “ванільная і пластмасавая”. Музыка меладычная, прыгожая… Магчыма, зусім маладая аўдыторыя проста яе не зразумее, бо яна яшчэ не паспела пажыць і адчуць складанасці жыцця. Але людзі, якія хоць нешта ўжо бачылі ў жыцці яе зразумеюць. Табіяс Шварц-Геваліх (Tobias Schwarz-Gewallig) выконвае музыку з традыцыйнымі элементамі. Яна разлічаная таксама на больш дарослую аўдыторыю. Але, мяркую, прыгожая музыка падабаецца людзям любога ўзросту.

Табіяс Шварц-Геваліх

Алена Раўнейка: Крыс Косма — гэта маладзёжны выканаўца. Яго песні вельмі лёгка кладуцца на слых. Ён выконвае лаціна-рэгі па-нямецку. Я ўпэўненая: яго палюбіць кожны, хто яго тут пачуе. Гэта адназначна!

Еўрарадыё: Безумоўна, у Германіі шмат вартых гуртоў і цікавай музыкі, аднак для беларускага слухача ўсё ж больш вядомая французскамоўная музыка. Наўрад ці звычайны беларускі меламан назаве 10 імёнаў нямецкіх музыкаў. Узгадаюць на крайні выпадак Rammstein. У чым жа тут справа, як вы думаеце?


Любоў Смірнова: Рэха вайны (смяецца). Мабыць, усё ж, так. Таму што ў менталітэце ёсць нейкае непрыняцце нямецкай мовы, як мовы прыгожай. Проста склаўся стэрэатып і дагэтуль ён захоўваецца, што нямецкая мова грубая, непрыгожая — я гэта чую на кожным кроку. Хаця любы чалавек, які пачынае спрычыняцца да гэтай мовы, пачынае любіць яе да бясконцасці. І нямецкая поп-музыка даказвае, што мова прыгожая, яна выдатна кладзецца на музыку — атрымоўваецца такая своеасаблівая фразіроўка. Таму нямецкамоўная музыка мае свой дух за кошт акурат-такі гучання мовы.

Алена Раўнейка: Прычы, дух ні столькі народнага, колькі нямецкага стылю — сучаснага, маладзёжнага, папулярнага — увогуле стылю нямецкага жыцця. То бок, у іх музыцы гэта чуецца — праз мову, праз мелодыі. Звычайна большасць нямецкіх музыкаў імкнуцца выйсці на міжнародную сцэну і пачынаюць спяваць па-англійску. Адбываецца камерцыялізацыя творчасці і адчуваецца празаходняя стылістыка. Выканаўцы ж, якія наведаюць Das Fest, нясуць у сваёй творчасці менавіта Германію.

Еўрарадыё: На ваш погляд, стане Das Fest своеасаблівай тусоўкай для сваіх, ці ўсё такі прыцягне ўвагу больш шырокіх колаў?


Любоў Смірнова: Я спадзяюся, што другі варыянт (смяецца). Па-першае, так — наша мэта — аб’яднаць людзей, якіх гэта цікавіць, якія ездзяць у Германію, каб паглядзець на гэтых выканаўцаў, і якія не маюць такой магчымасці. А па-другое, пазнаёміць людзей з гэтай музыкай. Мы робім усё для гэтага: дэмакратычныя кошты на квіткі і розныя акцыі.

Еўрарадыё: Напрыклад?


Любоў Смірнова: Да Дня студэнта мы робім вялікую 50-адсоткавую зніжку для вялікіх кампаній.

Алена Раўнейка: Так, мы прапануем альтэрнатыву студэнтам — правесці вечар весела і цікава. Калі нехта не ведае — то пазнаёміцца з сучаснай нямецкай музыкай…

Алена Раўнейка

Еўрарадыё: Да таго ж, вы збіраецеся ператварыць “Рэ:паблік” у нямецкі востраў з півам і гэтак далей.


Алена Раўнейка: Так, дзякуй нашым спонсарам, якія актыўна прасоўваюць нямецкую культуру! Будуць лепшыя маркі нямецкага піва, будзе шацёр з сувенірнай прадукцыяй – піўныя куфлі, майкі, значкі і г.д. Будуць прыгожанькія дзяўчаты-хостэс, якія сустрэнуць гасцей на ўваходзе ў клуб. Усё будзе ўпрыгожана гірляндамі і плакатамі. І будзе дадатковае святло. Канцэрт пачнецца а 18-й. Але мы адкрыемся ў 17, каб можна было прыйсці і патусавацца.

Еўрарадыё: Чаму менавіта прадстаўнікоў поп-музыкі вы вырашылі прывезці ў Мінск? Падаецца, што прыезд рок-гуртоў выклікаў бы большы ажыятаж…


Любоў Смірнова: Мяркую, што нямецкамоўнага року да нас прывозіцца дастатковая колькасць. Вось, напрыклад, Lacrimosa хутка прыедзе ў Мінск. Гэта каманды, з якімі фэст не зробіш — яны самадастатковыя, цягнуць на сольнікі. А вось нямецкай поп-музыкі акурат мала ў нашай краіне, і мы вырашылі гэта выправіць. На Das Fest прагучыць не толькі поп. Поп — гэта шырокае паняцце. Калі браць жанравае азначэнне, то ў нас будзе і рэгі, і соўл, і поп-рок.

Марлон В

Алена Раўнейка: Так, мы не сказалі пра нашага рэгі-выканаўцу — Marlon B (Söhne Mannheims). Ён проста ўпрыгожыць наш фэст. Ён цудоўна робіць фрыстайл, у яго выдатнае рэгі. Ён вельмі вясёлы і энергічны. Родам — з Ямайкі.

Еўрарадыё: Вашы сябры-музыкі, якія сыграюць на Das Fest, ведаюць увогуле што-небудзь пра Беларусь? Як яны адрэагавалі на ваша запрашэнне?


Любоў Смірнова: Ну, гэта была і ёсць проста нечалавечая авантура (смяецца). Стаўленне, вядома, было дваякім. Па-першае, ім вельмі цікава — для іх гэта як экзотыка — прыехаць і выступіць на постсавецкай прасторы. Яны ні разу не былі ў Беларусі, і ўвогуле едуць упершыню ў СНД. Да таго ж, ім гэтая вандроўка дае пэўныя бонусы. Таму што яны маюць мэнэджмэнт, які зацікаўлены ў іміджы выканаўцы. А выезд ў такім далёкім накірунку дастаткова перспектыўны. І гэта адлюстроўвацца ў самых розных публікацыях, робіць выхад на міжнародныя СМІ. З іншага боку, шматлікія вядомыя нямецкія музыкі проста катэгарычна адмаўляюцца ехаць у СНД. Проста катэгарычна. Гэта тычыцца менавіта самых-самых зорак. Чаму? Хутчэй за ўсё, таму, што ў нас не існуе аўтарскага права, як такога — яны гэта ведаюць. У нас ёсць фанацкая культура — і некаторых з іх гэта таксама пужае. Ну, і чуткі… Ва ўсіх, хто сюды не прыязджае, ёсць стэрэатыпы і гэтак далей. Тым больш, што сітуацыя ў Беларусі для заходніх СМІ выглядае крыху палохаючай.

Алена Раўнейка: Таму мы хочам паказаць, што тут таксама гасцінна і міла. Што тут ёсць і слухачы, і прыхільнікі, якія гатовыя слухаць і атрымліваць асалоду ад іх музыкі.

Марцін Кілгер

Еўрарадыё: Што трэба зрабіць беларускім поп-выканаўцам, каб дасягнуць ўзроўню і якасці нямецкай поп-музыкі?


Алена Раўнейка: Я лічу, што нашы выканаўцы надта скаваныя. Ім не хапае харызмы, разняволенасці і аддачы. Наш артыст спявае для сябе, у сабе, ён не камунікуе з публікай. Трэба разняволіцца — гэта самае галоўнае.

Любоў Смірнова: А яшчэ не баяцца эксперыментаваць. Гэта адзін бок пытання. А іншы — нават больш істотны — гэта адсутнасць добрых кадраў у мэнэджмэнце. То бок, у нашых артыстаў няма магчымасці развівацца, таму што ў іх няма добрых мэнэджараў. Нам не хапае адукацыі, узроўню. У Германіі з гэтым няма праблем. Там добрыя ўніверсітэты, дзе можна атрымаць профільную адукацыю.

Алена Раўнейка: Так, у мэнэджмэнт мусяць ісці шырокадумаючыя і незашораныя людзі, гатовыя генераваць ідэі, спрабаваць усё і адчуваць усё. У нас жа ўсё па старынцы ды па эстрадзе.

Фота www.dasfest.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі