Домрачава атрымала спецпрэмію Лукашэнкі — 35 мільёнаў
Беларускай біятланістцы прысуджаная прэмія кіраўніка дзяржавы "Беларускі спартыўны Алімп" 2012 года.
Як паведамляе БЕЛТА, гэтую ўзнагароду Дар'я Домрачава атрымала "за дасягненне высокіх спартыўных вынікаў на міжнародных спаборніцтвах, актыўную дзейнасць па папулярызацыі фізкультуры і спорту, развіцці фізкультурна-спартыўных традыцый, якія садзейнічаюць гарманічнаму фарміраванню асобы".
Пра памер прэміі не інфармуецца. Аднак раней гэта не было таямніцай. Лёгкаатлетка Аксана Мянькова, фрыстайліст Аляксей Грышын, галоўны трэнер нацыянальнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч у апошнія гады атрымлівалі па 350 базавых велічынь. Паколькі з 1 красавіка базавая велічыня складае 100 тысяч рублёў, то Дар'я Домрачава магла атрымаць 35 мільёнаў рублёў альбо крыху больш за 4 тысячы долараў.
На здымку: Аляксандр Лукашэнка і Дар'я Домрачава на суботніку ў Мінску, 21 красавіка 2012 года. Фота — belta.by