Другая гадавіна выбараў-2010: Колькасць затрыманых дагэтуль невядомая

“Напэўна, з 2-й гадзіны ночы да 5-й раніцы мы спрабавалі даведацца, хто з нас знаходзіцца на свабодзе, і ў стане раніцай пайсці ў суды”, — расказвае Алена Танкачова на прэс-канферэнцыі, прысвечанай выхаду кнігі “Пасляслоўе… Плошча 2010 вачамі беларускіх праваабаронцаў”.

Кніга ўтрымлівае поўную інфармацыйную базу па крымінальных і адміністрацыйных працэсах. У тым ліку, 350 гадзін аўдыёзапісаў усіх 14 працэсаў над “дзекабрыстамі” і больш за тысячу старонак стэнаграм і апытанняў. Але нават такі аб’ём не змясціў усёй інфармацыі. Танкачова расказвае, што ў снежні 2010 года праваабаронцы змаглі асвяціць каля 70% працэсаў, даведаліся пра 780 затрыманых, а пасля іх вызвалення апыталі 350 чалавек.

Можна толькі здагадвацца, якой нечаканасцю ўсё гэта стала для саміх праваабаронцаў. Таццяна Равяка расказвае, што ў “Вясне” яшчэ за гадзіну да завяршэння галасавання вечарам 19 снежня ўсе былі перакананыя ў мірным развіцці падзей.

“Мы да апошняга, пакуль не атрымалі інфармацыю пра збіццё Някляева, верылі ў мірнае развіццё падзей”.

Яшчэ большай нечаканасцю стала начная атака на саміх праваабаронцаў. А 3-ай гадзіне ночы да офіса “Вясны” пад’ехалі моцныя хлопцы і “павязалі” ўсіх 12 чалавек, якія ацалелі пасля “разгону” дэманстрацыі на плошчы Незалежнасці. Людзей неўзабаве адпусцілі, а вось тэхніку пакінулі сабе — праваабаронцам даводзілася літаральна ўручную складаць і перапісваць спісы затрыманых. Равяка расказвае, што першы час нават паспаць не было калі.

“Былі дні, калі мы спалі па некалькі гадзін. Памятаю, што калі я рыхтавала спіс усіх пакараных адміністрацыйна, то не спала 26 гадзін запар”.

Не абышлося і без кур’ёзаў. У той час праваабаронцаў часта блыталі з праваахоўнікамі. Родныя затрыманых нават званілі і пагражалі, абвінавачвалі праваабаронцаў у фашызме. Патлумачыць ім, што да чаго каштавала немалых намаганняў. І гэта ў той час, калі тэлефоны разрываліся ад тэлефанаванняў амаль штохвіліны.

Да таямніцаў Плошчы-2010 можна смела адносіць колькасць затрыманых. Калі на пачатку праваабаронцы смела назвалі лічбу ў 725 чалавек, затым яна вырасла да 780. А праз некалькі тыдняў ужо ніхто не ведаў дакладнай колькасці. Дар’я Каткоўская, якая арганізавала збор перадач для ўсіх, хто знаходзіўся тады за кратамі на Акрэсціна, Скарыны і ў Жодзіна, расказвае, што значная колькасць затрыманых і арыштаваных нават не спрабавала звяртацца па дапамогу.

“Яны казалі, што не будуць звяртацца да праваабаронцаў. Гэтыя людзі нават не ўдзельнічалі ў мірным сходзе. Часта яны былі звычайнымі мінакамі… Таму, думаю, што гэта лічба (780 затрыманых паводле звестак праваабаронцаў) павінна быць большай. Я ўпэўненая, што гэтая лічба большая”.

Каткоўская называе нават 1000 чалавек. І дадае, што дакладнай колькасці мы ўжо ніколі не даведаемся. Тым часам, праз два гады пасля падзей за кратамі яшчэ знаходзяцца пяць чалавек, чые справы звязаныя з Плошчай: экс-кандыдат Мікалай Статкевіч, кіраўнік штаба Віталя Рымашэўскага Павел Севярынец, маладафронтаўцы Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, а таксама Васіль Парфянкоў, які быў памілаваны Лукашэнкам і трапіў за краты паўторна за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду.

“Яны казалі, што не будуць звяртацца да праваабаронцаў. Гэтыя людзі нават не ўдзельнічалі ў мірным сходзе. Часта яны былі звычайнымі мінакамі… Таму, думаю, што гэта лічба (780 затрыманых паводле звестак праваабаронцаў) павінна быць большай. Я ўпэўненая, што гэтая лічба большая”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі