Другая гадавіна выбараў. Чаму не зняліся кандыдаты ад апазіцыі?

“Адначасовае зняцце сваіх кандыдатур узмоцніць апазіцыю і Плошчу. Нам нельга дапусціць, каб выбары былі прызнаныя міжнароднымі структурамі. Прызнанне выбараў — гэта будзе наша паражэнне. Калі мы ўсе разам здымем свае кандыдатуры — гэта будзе моцны крок”, — заявіў Някляеў у гэтыя дні, два гады таму 9 снежня 2010 года на пікеце ля Адміністрацыі кіраўніка краіны.

121212_pilecki_zniacca.mp3

Акрамя шуму ў СМІ і інтэрнэце, вынікаў заява гэтая не мела. Праз два гады Някляеў прызнаецца — ён і не вельмі на гэтае разлічваў.

“Трэба сказаць таксама і пра тое, што робячы гэтую прапанову я не вельмі разлічваў на яе рэалізацыяю. Памылкай тых выбараў было тое, што апазіцыя мела толькі адзін сцэнарый”.

А менавіта — толькі Плошчу. Іншых варыянтаў, па словах Някляева, не было. З іншага боку, як паказала практыка, на Плошчы кандыдаты не асабліва ведалі, што хочуць зрабіць.

Кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў быў адзіным, хто публічна падтрымаў ідэю зняцца з выбараў усім. Ён гаворыць, што гэтага не адбылося таму, што кандыдаты мелі свае вузкія і не вельмі мэты. Некаторыя нават перамагаць не хацелі!

“Розныя кандыдаты імкнуліся да розных мэтаў. Хтосьці імкнуўся да таго, каб атрымаць падтрымку расійскага боку, хтосьці хацеў папіярыцца, нехта падтрымліваў беларускія каштоўнасці”.

Віталь Рымашэўскі быў адным з самых актыўных кандыдатаў у прэзідэнты-2010. Пра нечаканую прапанову Някляева памятае. Як памятае і тое, што даведаўся пра ўсё са СМІ.

“Ні да кіраўніка майго штаба, Паўла Севярынца, ні да мяне асабіста падобных прапановаў не паступала. Ні ад Костусева, ні ад Някляева”.

Рымашэўскі гаворыць, што паставіўся да гэтага, як да піар-кроку кандыдата ад “Гавары праўду”, а не як да рэальнай прапановы. Адпаведна, ішоў да самага канца.

Яшчэ больш катэгарычны за Рымашэўскага Яраслаў Раманчук. Кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі сёння заяўляе, што даверу да Някляева не меў. Таму і з выбараў не зняўся.

“Спадар Някляеў за тую кампанію зрабіў шмат чаго. Ад шмат чаго ён адмовіўся. У тым ліку і ў дачыненні да мяне. Таму ніякага даверу да яго прапановы не было”.

Пасля выбараў шмат у каго давер знік да Яраслава Раманчука, але гэта іншая гісторыя. Разам з Кастусёвым зняцца быў гатовы і Алесь Міхалевіч.

“Гэта была дастаткова цікавая ідэя. Можна было размаўляць. Адзінае, што я не люблю, калі ў палітыцы падобныя заявы робяцца на публіку. Гэта заўсёды выглядае, як праца на публіку, а не рэальнасць”.

Амаль усе кандыдаты, з якімі давялося пагаварыць пра ідэю зняцца з выбараў, сыходзяцца ў адным меркаванні — калі б прапанова была агучаная на агульным сходзе, а не ў СМІ, маглі б зняцца. І хто ведае, як бы тады развіваліся падзеі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі