Дзе ў Мінску вуліцы ад снегу чысцяць найлепш (фота)

“Працавалі і ноччу, але асноўныя дарогі раніцай прайшлі. А ўжо бліжэй да вечара прайшліся па іншых дарогах. Магчыма, што засталіся толькі невялікія вулачкі”, — расказваюць у Дзеравянчыцкім сельскім савеце.

130118_pilecki_sneg.mp3

Вёска гэтая знаходзіцца ў Слонімскім раёне, мясціны бязлюдныя. Але мясцовае начальства рапартуе, што снег расчышчаюць нават у самых аддаленых і маланаселеных вёсках. Сталіца гэтаму можа толькі пазайздросціць.

Але ёсць у Мінску месцы, куды снег ці то сам не падае, ці то хуценька прыбіраецца. Адно з такіх месцаў — ваколіцы будынка Адміністрацыі прэзідэнта. Падыходжу да яго з боку Дома афіцэраў і бачу чысценькія ходнікі і вуліцы. Навокал ніводнага жывога чалавека. Здзіўляюся, няўжо снег тут насамрэч не падае? Адгадку знаходжу за рогам — пяць самазвалаў са снегам і дзве снегаўборачныя машыны. У дадатак да гэтага — дзясятак чалавек з шуфлямі і ў аранжавых робах.

Магчыма, неабходнасць чысціць ад снегу ваколіцы Адміністрацыі замацаваная адмысловым распараджэннем, альбо нават указам? У “Гарбудаўтадоры” Фрунзенскага раёна мяне расчароўваюць — паводле правілаў першымі чысцяць вуліцы, па якіх ходзіць грамадскі транспарт.

“Чысцяцца вуліцы, прыпынкі і ходнікі, так званыя шкілетныя. Тыя, дзе ходзіць грамадскі транспарт. Грамадскі транспарт стаяць не павінен. Таму адразу кідаюцца ўсе сілы туды. І як толькі мы забяспечваем бесперабойны рух грамадскага транспарту, тады ўжо чысцім іншыя вуліцы”.

Як ні стараюся ўзгадаць, якія аўтобусы і тралейбусы пад’язджаюць да адміністрацыі Лукашэнкі, усё марна. Гэтаксама не знаходжу прыпынкаў грамадскага транспарту ў ваколіцах Міністэрства сельскай гаспадаркі, падыходы да якога чысцяць адразу два трактары. Чысцютка вылізаная і немаленькая пляцоўка ля Мінгарвыканкама, Дома урада.

Некаторыя ўстановы змагаюцца са стыхіяй уласнымі сіламі. Напрыклад, ваколіцы Мінабароны ад снегу абараняе ўзвод салдатаў з рыдлёўкамі. Горш з вуліцамі, яны не належаць міністэрствам і адміністрацыям. Таму пасярод праспекта Незалежнасці, каля будынка Дзяржаўнага цырка, бачу вялізную гурбу снегу, вышынёй у паўметра. Пераадолець яе можна толькі падскочыўшы. Цырк, адным словам.

Вось так чысцяць ад снегу ходнікі ля Акадэміі МУС.

Ходнікі ля Мінабароны.

Ля Адміністрацыі Лукашэнкі снег расчышчаюць нават венікамі.

Снег ад працоўнага будынка кіраўніка краіны адвозяць вельмі аператыўна.

А гэта пляцоўка перад МЗС. Сюды снегаўборачная тэхніка пакуль не дабралася.

Міністэрства сельскай гаспадаркі.

Праз 20 метраў ад Мінсельгасу - пяцізоркавы гатэль Crowne Plaza. Тут зусім не так чыста.

Мінгарвыканкам.

Плошча Незалежнасці і Дом урада.

Тая самая гурба ля Дзяржаўнага цырка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі