Дзяўчына з Сербіі: “Беларускую мову я вывучыла за тры гады” (фота)

Прычым не на ўзроўні “прывітанне — бывай, дзякуй — калі ласка”. Калі мы зайшлі ў аўдыторыю, то дзве полькі, сербка і ўкраінец гучна абмяркоўвалі, які канчатак у родным склоне будзе ў назоўніка “гардэроб”. Сышліся, што і “-а”, і “-у” — у розных значэннях.

Сербку зваць Сандра (Аляксандра), але ў Мінску яе перахрысцілі ў Алесю. Сандра вучыла беларускую мову на філфаку Бялградскага ўніверсітэта — як курс на выбар, які працягваецца 2 гады.

Сандра Джукіч: “Студэнты вывучаюць беларускую, каб лепей ведаць славянскія мовы. Што да мяне, то я пачала вывучаць беларускую мову выпадкова — але мне вельмі спадабалася, і я працягнула”.

Неверагодна, але Сандра гаворыць па-беларуску практычна без акцэнта і абсалютна вольна — такое адчуванне, што яна пры гэтым і думае па-нашаму. Хоць сама ў адказ на такія кампліменты чырванее.

Сандра Джукіч: “Я не лічу, што ў мяне асабліва добры размоўны ўзровень… Я ўжо скончыла факультэт, і ўжо 2 гады ў мяне не было заняткаў, не было ніякай практыкі. Хоць агулам я вывучала беларускую мову 3 гады”.


Міхась з Масквы працуе гідам-экскурсаводам, мае нават акрэдытацыю для працы на тэрыторыі Крамля. Беларускую мову вывучыў самастойна, але таксама валодае ёй дасканала. У Мінску рабіў заўвагі нават некаторым беларусам.

Міхась Хамінскі: “Маё захапленне беларускай мовай пачалося, калі мая стрыечная цётка дала мне кніжку “Ты мая пчолка” — збор твораў Петруся Броўкі. Там былі і цудоўныя пераклады на рускую мову Якава Хелемскага. Але калі па-беларуску чытаеш, уражанне складаецца зусім іншае! У мяне добрая памяць, я пачаў вучыць. А потым зразумеў, што каб лепш пазнаёміцца з любой літаратурай — трэба ведаць мову, праз мову адкрываецца крыніца мудрасці беларускага народа. Мову вывучыў самастойна, ні на якія курсы не хадзіў ніколі”.

Выкладчыца філфака Кацярына Любецкая, якая праводзіла заняткі, кажа, што спроба арганізаваць Летнюю школу беларусістыкі была яшчэ напрыканцы 1990-х, але затухла тады праз брак фінансавання.

Кацярына Любецкая: “Наладжана была Школа беларусістыкі па ініцыятыве Лідзіі Іванаўны Сямешкі ў 1999 годзе. І адбывалася на працягу 3 гадоў, аднак потым здарыўся перапынак па нейкіх прычынах — арганізацыйных, грашовых. З гэтага года па ініцыятыве Міністэрства адукацыі было вылучана спецыяльнае фінансаванне на Школу беларусістыкі, і мы можам сустрэць нашых гасцей па-сапраўднаму”.

Фінансаванне — важная рэч для моладзі: большасць выдаткаў на ўдзел у Летняй школе беларусістыкі пакрыў беларускі бок.

Паўліна Качорэк: “Усё было задарма — і курс, і пражыванне ў інтэрнаце, і віза, мы самі толькі квіткі набывалі. Мы прыехалі таксама, бо можам пабачыць Беларусь, пабачыць Мінск. Бо нам вельмі цяжка прыехаць — трэба мець запрашэнне. Мне тут вельмі падабаецца, тут спакойна, людзі ўсміхаюцца, гатовыя дапамагчы”.


Пытаемся ў Паўліны, ці смачна кармілі беларусістаў.

Паўліна Качорэк: “Кармілі… па-рознаму. Раніцай нам далі катлету, у абед катлету, увечары катлету — я была такая здзіўленая. Але мы хадзілі таксама ў рэстараны, розныя супы каштавалі. Не буду наракаць!”

Украінец Улад Журба не проста ведае беларускую мову, але нават… мае сертыфікат, што можа яе выкладаць!

Улад Журба: “Даўно я вучу беларускую мову, яшчэ ў 1990-х гадах вучыў сам. Бо тады аддзялення беларускай мовы ў нас ва ўніверсітэце не было, толькі 3 гады таму з’явілася. І давучыўся да таго, што захацеў атрымаць сертыфікат. Дзеля гэтага паехаў у Мінск, у Інстытут беларускай мовы і літаратуры імя Янкі Купалы і Якуба Коласа, і там здаў гэты іспыт. Цяпер магу ва Украіне выкладаць беларускую мову! Памятаю пытанні на іспыце — пра палескі дыялект Брэсцкай вобласці. Ды ўся ўкраінская мова — гэта фактычна палеская гаворка!”


Калега Улада, Сяргей з Кіева нават сам спрабаваў пісаць вершы па-беларуску.

Сяргей Цярэшчанка: “Я пісаў вершы на І курсе — у нас было такое заданне, што можна было напісаць альбо вершы, альбо прозу. Я абраў вершы — і атрымалася”.

Апроч Мінска, удзельнікі Школы пабылі ў Міры і Нясвіжы. А Улад з Сяргеем у вольны дзень вырашылі не губляць час — і з’ездзілі ў Гродна.

Сяргей Цярэшчанка: “Гродна не ўваходзіла ў праграму, гэта была наша ініцыятыва. Гродна вельмі прыгожы, яго можна параўнаць з Кіевам — таму што там Нёман, такія кручы, старажытная архітэктура — бо ў Мінску нічога ўжо не захавалася”.

Што да рэстаўрацыі Нясвіжа, Сяргей выказваецца скептычна.

Сяргей Цярэшчанка: “Гэта такі добры еўрарамонт, прыгожа так зроблена. Бачна, што яно новае. Ва Украіне іншая праблема — нашы замкі не рэстаўруюцца, яны рассыпаюцца. А ў вас еўрарамонт — крыху перастараліся”.

Агнешка Полец з Варшавы паспела за час Школы пабываць на фестывалі “Пікнік.by” на хутары Шаблі. Уражанняў — вагон і маленечкі вазочак.

Агнешка Полец: “Я бывала на “Басовішчы”, на “Off-фестывалі”. Але на “Шаблі” мне спадабалася больш, больш сямейная атмасфера была! Гурты лепшыя. Я трапіла на канцэрт “Разбітага сэрца пацана” — гэта быў самы лепшы канцэрт!”


З экскурсіі па Мінску Агнешцы запаў у душу трайплаўскі дом каля Траецкага прадмесця.

Агнешка Полец: “Горад мне падабаецца. Але шкада, што старыя будынкі бурацца. Гэты вялікі дом, які паставілі на Нямізе, — ён жахлівы проста!”

Агнешка з усмешкай успамінае, як выкладчыкі ў Варшаве перад паездкай засцерагалі іх “быць тут паасцярожней” і ўвогуле “менш размаўляць”. Дзяўчына кажа, што насамрэч усё апынулася не так страшна.

Агнешка Полец: “Гэта зусім не супадае. У нас усе так кажуць, бо бачаць па тэлебачанні толькі калі на Плошчы штосьці адбываецца, дэманстрацыі. Ніхто не расказвае, як тут сапраўды ёсць. Тут людзі нармальна жывуць — а не толькі дэманстрацыі і змаганне. Праходзяць мерапрыемствы, людзі жывуць, гуляюць, ходзяць на піва!”

Пасля двух тыдняў лекцыяў і практычных заняткаў усе навучэнцы атрымалі сертыфікат БДУ, які засведчыў, што цэлых 78 гадзін у Мінску яны прысвяцілі паглыбленаму вывучэнню нашай мовы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі