Эл Джэро: Трымайце нос і горла ў вільгаці
Славуты джазмэн даў парады маладым музыкам і адыграў шыкоўны канцэрт у Мінску.
Аднойчы Эл Джэро паабяцаў прыехаць у Мінск яшчэ 20 разоў. І вось абяцанне стрымаў — прыехаў на закрыццё Першага беларускага джаз-рок фэсту. Прычым, пафасу з прыездам маэстра ў Мінск гэтым разам было менш. Кожны жадаючы мог прыйсці на адстройку гуку перад канцэртам, якая паступова пераўтравылася ў жывы майстар-клас маэстра.
“Я раблю гэтае практыкаванне перад спевамі. Сёння рабіў яго за пяць гадзін да канцэрту”, — затым спадар Эл распавядае, чым карысныя гэтыя практыкаванні, дае парады па масажы горла і змагані з прастудай. Але, безумоўна, прысутныя на майстар-класе студэнты сталічных музычных устаноў чакаюць таго моманту, калі можна будзе падняцца на сцэну з інструментам і пайграць разам. Вось што кажа ўсхваляваны Кірыл з музычнага каледжу імя Глінкі, які ўсё ж паўдзельнічаў у джэме з Элам і яго музыкамі.
А гэта грае Цімур - яго бацька папрасіў Эла сыграць разам з сынам. Потым да музыкаў далучыліся студэнты-духавікі
Кірыл:“Хацелася, вядома, падкрэсліць нейкую думку. Але было няшмат часу. Першую частку свайго выступу я вельмі хваляваўся. Я, праўда, шчыра не ведаю, колькі ў яго “Грэмі”, але, натуральна, што я рады, што атрымалася пайграць з зоркай такога маштабу”.
На майстар-класе Эла Джэро было заўважана шмат беларускіх музыкаў. Сярод іх — спявачка Дарыя. Яна лічыць, што падобных сустрэч мусіць быць больш:
“Музыка — Эл Джэро — гэта, па-мойму, тоесна-роўныя велічыні, у прынцыпе, паняцці, між якімі можна паставіць знак роўнасці… Усё гэта здорава, карысна, і было б, канечне, добра, калі б гэта было часцей. Для мяне падобныя майстар-класы з’яўляюцца маяком, які ты сустракаеш на шляху і які табе кажа: вось гэта правільна, ты робіш правільна, працягвай і ўдасканальвайся”.
Пасля двухгадзіннай паўзы ў Беларускім музычным тэатры Эл Джэро разам са сваім бэндам адыгралі фантастычны дзвюхгадзінны канцэрт. 72-гадовы чалавек-аркестр не пераставаў здзіўляць харызмай, добразычлівасцю і прастатой у стасунках з публікай. Яго бэнд уражваў мегапрафесіяналізмам і радасцю ад таго, што робіць. Музыкі прывезлі ў Мінск не толькі свае цнатлівыя, прыгожыя і часам дзёрзкія творы, яны прывезлі з сабой кавалачак Ражджаства — таго самага, які мы сустракаем у прыгожых калядных заходніх фільмах.
“Я знаходжуся ў незвычайна цудоўным настроі, таму што ўсё па-сапраўднаму, усё правільна, такі разняволены грув, які нікуды не спяшаецца, — выпраменьвае пазітыў дырыжор Аляксандр Ліпніцкі. — І “кач”. “Кач” на бліжэйшыя месяцы два. Гэта сто адсоткаў. І яго мы перанясем ў Новы год і “зарадзім” у наступныя наш творчыя падзеі”.
Тут Эл разам з бас-гітарыстам Крысам выконваюць хіт Random Act Of Love з альбому 2002 году "All I Got"
Сэт амерыканцаў навёў спявачку Іну Малаковіч-Перасецкую на некалькі іншыя думкі:
“Па-першае, я зразумела, што галоўнае, што павінна быць у музыцы — гэта пазітыўны настрой. Таму што тое, што навокал — мастацтва не датычыцца. Мастацтва — яно, па-першае, інтэрнацыянальнае, па-другое — яно не мае аніякага дачынення да палітыкі”.
Мы ў любым выпадку чакаем чарговага прыезду Эла Джэро ў Мінск! А пакуль будзем рабіць вакальныя практыкаванні перад канцэртамі, ратаваць хворае горла інгаляцыямі і сачыць за творчасцю дзядзечкі Эла.
Больш фота глядзіце тут: http://www.facebook.com/media/set/?set=a.565779426770190.144367.147859111895559&type=1