Галіна Сырамалотава: Ніякай інфармацыі пра вызваленне сына не маю
Навіна аб магчымым вызваленні анархіста Паўла Сырамалотава з’віліся пасля вызвалення Сяргея Каваленкі.
Каваленка сцвярджае, што Сырамалотава павінны былі вызваліць пасля яго. Прынамсі, гэта вынікала са слоў адміністрацыі калоніі. Сам Каваленка ўвечары 26 верасня быў дома. А вось пра лёс Сырамалотава пакуль нічога невядома.
“Магчыма, ён там яшчэ сядзіць? Бо калі яны яго адпусцілі, то ўжо даехаў бы”, ― расказвае маці вязня Галіна. Яна не атрымоўвала ніякіх паведамленняў ад сына і не можа датэлефанавацца ў калонію.
Нагадаем, Павел Сырамалотаў быў асуджаны за спробу падпалу будынка Бабруйскага КДБ. Адбываў пакаранне ў адной калоніі з іншым палітвязнем ― віцебчуком Сяргеем Каваленкам.