Галоўны хакеіст Фінляндыі не хоча вучыць Лукашэнку дэмакратыі
Кіраўнік Фінскай федэрацыі хакея Калерва Кумала абараняе права Беларусі арганізаваць Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай у наступным годзе.
Як вядома, адабраць чэмпіянат заклікаюць некалькі міжнародных праваабарончых арганізацый, сябры кангрэса ЗША і Еўрапарламента.
У інтэрв'ю тэлекампаніі YLE Кумала заявіў, што фіны не маюць маральнага права вучыць іншых дэмакратыі.
На яго думку, само па сабе правядзенне буйнога спартыўнага мерапрыемства будзе спрыяць краху “апошняй ў Еўропе дыктатуры”. Кумала таксама падкрэсліў, што не з'яўляецца “асабістым сябрам Лукашэнкі”.
Кіраўнік Федэрацыі хакея Фінляндыі лічыць, што Беларусь сваімі дасягненнямі ў гэтым спорце заслужыла права арганізаваць першынства свету.