Галоўныя падзеі і скандалы 2012-га (фота)

Пасля насычанага падзеямі 2011-га чакалася, што 2012-ы будзе больш спакойным. І калі першы яго месяц прайшоў без асаблівых узрушэнняў, то ўжо 8 лютага у вёсцы Малінаўка пад Лагойскам выбухнуў шматкватэрны жылы дом. У выніку адзін чалавек загінуў на месцы, яшчэ некалькі былі пакалечаныя. А прычына выбуху дагэтуль невядомая, хоць дом ужо паспелі адбудаваць.

“Камісія працавала каля 2 тыдняў. Былі абследаваныя ўсе газаправоды, усе газавыя пліты. Мы настаялі на тым, каб былі праведзеныя тэхнічныя выпрабаванні газавага абсталявання, былі апытаныя ўсе да аднаго жыхары дома. Пакуль па высновах камісіі не пацвярджаецца версія з выбухам бытавога газу”, — расказваў Еўрарадыё намеснік кіраўніка Лагойскага райвыканкама Сяргей Стражнікевіч. Восенню людзей засялілі ў новаадбудаваны дом, да якога на ўсякі выпадак не падводзілі газ.

121227_pilecki_vyniki.mp3

Наступная падзея, якую ніяк нельга назваць шараговай, ускалыхнула краіну 17 сакавіка. У гэты дзень маці Уладзіслава Кавалёва атрымала паведамленне аб расстрэле свайго сына, асуджанага за тэракт у метро. Яна дагэтуль абівае парогі розных інстанцый, спрабуючы высветліць месца пахавання сына, а ААН у выніку прыняла бок маці Кавалёва, заклікаўшы беларускія ўлады задаволіць яе скаргі.

Наступная падзея — вызваленне Андрэя Саннікава і Дзмітрыя Бандарэнкі. Яны вярнуліся дадому з турмаў 15 красавіка. Каля другой гадзіны ночы Саннікаў сустрэўся ля чыгуначнага вакзала з паплечнікамі і журналістамі. Палітык не быў шматслоўным."Я дагэтуль не разумею, дзе знаходжуся. Хачу адпачыць. Цяер галоўная мэта — вызваленне іншых палітвязняў", — толькі і змог сказаць ён прысутным. І знік з палітычнага поля на паўгода, каб аб’явіцца ў Лондане, дзе атрымаў палітычны прытулак.

Чэрвень прынёс наступную падзею, якая хоць і не адбывалася ў Беларусі, але для нас стала гістарычнай — упершыню так блізка ад нашай краіны праходзіў чэмпіянат Еўропы па футболе. На фінал у Кіеў можна было нават трапіць без візы, чым і скарыстаўся кіраўнік Беларусі, нажыва паназіраўшы за разгромам італьянцаў іспанцамі з лікам 4-0. Еўрапейскія лідары, да слова, ад Лукашэнкі дэманстратыўна дыстанцыяваліся.

Адразу пасля завяршэння Еўра-2012 у Беларусі адбылася падзея, якая каштавала працы шэрагу кіраўнікоў сілавых ведамстваў. Гаворка пра “цацачны дэсант”. Палёт шведскага самалёціка над Івянцом і Мінскам яшчэ доўга будзе сніцца беларускім спецслужбам і камандзірам супрацьпаветранай абароны. Хоць, на пачатку Мінабароны назвала яго “фоташопам” і “відэамантажом”. Аднак пазней КДБ завёў крымінальную справу, журналіста Антона Сурапіна і рыэлтара Сяргея Башарымава пасадзілі ў “Амерыканку”, а СМІ раскруцілі справу настолькі, што адмаўляць факт парушэння мяжы ўжо не было ніякага сэнсу.

Не паспеў заціхнуць “цацачны” скандал, як Беларусь ускалыхнуў новы. Калі правал на лонданскай Алімпіядзе і нават допінгавыя скандалы ў лёгкаатлетычнай зборнай можна было прадказаць, то дэтэктыўная гісторыя, у якую трапіла Надзея Астапчук, падаецца неверагоднай.

“Я змяню прозвішча, Яфімаў на Ідыёт. Больш пакуль каментаваць не буду”, — заявіў Еўрарадыё трэнер Астапчук Аляксандр Яфімаў, які нібыта падсыпаў допінг сваёй спартсменцы без яе ведама. Версія гэтая выклікае шмат пытанняў, але залаты медаль Лондана Надзеі Астапчук давялося вярнуць арганізатарам гульняў.

Восень 2012 года выдалася насычанай палітычнымі падзеямі. Спачатку прайшлі выбары ў парламент, якія былі надзвычай ціхімі нават для Беларусі. Да іх неспадзяванак можна аднесці хіба тое, што у Палату Прадстаўнікоў выбралі 109 чалавек замест 110-ці. Накладка адбылася ў Гомелі, дзе праўладны кандыдат нечакана зняўся з выбараў, а большасць выбарцаў не менш нечакана прагаласавала супраць сябра ЛДПБ, які ішоў на безальтэрнатыўнай аснове. А ў цэлым, вынікі выбараў былі прадказальнымі. Спіс іх пераможцаў, складзены Еўрарадыё за месяц да галасавання, спраўдзіўся на 94%.

Іншай падзеяй, якая нават можа сапернічаць з адменай прыгоннага права ў далёкім 1861 годзе Аляксандрам ІІ, стаў дэкрэт кіраўніка Беларусі “аб дрэваапрацоўчых прадпрыемствах”, які фактычна забараніў звальняцца іх супрацоўнікам. Да чаго прывядзе (калі ўвогуле да нечага прывядзе) ініцыятыва кіраўніка Беларусі, пабачым у новым, 2013-м годзе.

Да важных падзей сыходзячага года можна таксама аднесці прызначэнне Барыса Святлова міністрам культуры, вяртанне Андрэя Кабякова ў беларускую палітыку (ён пачаў кіраваць Адміністрацыяй Лукашэнкі), пазбаўленне Вадзіма Зайцава пасады старшыні КДБ і нечаканы прыход Уладзіміра Макея ў Міністэрства замежных спраў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі