Генпракуратура Польшчы збіраецца больш шчыльна супрацоўнічаць з МЗС
16 жніўня перад будынкам Генеральнай пракуратуры Польшчы ў Варшаве адбылася акцыя пратэсту.
Прадстаўнікі некалькіх беларускіх арганізацый патрабавалі расследавання справы пра выдачу польскай пракуратурай банкаўскіх дадзеных Алеся Бяляцкага і сяброў праваабарончага цэнтра “Вясна”. Усяго ў акцыі пратэсту ўзялі ўдзел каля 15 чалавек. Кажа адзін з арганізатараў акцыі, сябра Звязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі, Анатоль Міхнавец.
Міхнавец: “Каля дзесятай гадзіны ля будынка Генеральнай пракуратуры сабраліся прадстаўнікі беларускіх арганізацый. Мы са Змітром Бародкам, прадстаўніком “Еўрапейскай Беларусі”, пайшлі ў пракуратуру, каб перадаць звароты, у якіх выказвалася просьба сустрэцца з Генеральным пракурорам Польшчы Анджэем Сэрэметам. Звароты ў нас прынялі, просьбу аб сустрэчы аформілі ў пісьмовым выглядзе. Нам паведамілі, што калі будзе магчыма, Генеральны пракурор з намі сустрэнецца, а калі такой магчымасці не будзе, так ці іначай, па гэтай справе павінна адбыцца прэс-канферэнцыя ”.
Сапраўды, праз некалькі гадзін пасля перадачы беларускімі актывістамі зваротаў у Генеральнай пракуратуры Польшчы прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам Генеральнага пракурора Анджэя Сэрэмета. Генпракурор паведаміў журналістам, што ён з’яўляецца ідэйным абаронцам дэмакратыі і правоў чалавека, а таксама выказаў свае спачуванні ў сувязі з тым, што адбылося з Алесем Бяляцкім. Анджэй Сэрэмет паведаміў, што ў сувязі са справай Бяляцкага некалькі супрацоўнікаў пракуратуры былі звольненыя.
Сэрэмет: “Я вывучыў справу і ў выніку прыняў некалькі асабістых рашэнняў: звольніць дырэктара аддзелу міжнароднага супрацоўніцтва і яго намесніка. Будзе пакараны і пракурор, які з’яўляўся рэферэнтам гэтай справы. Ужо прынятае рашэнне аб яго пераводзе з міжнароднага аддзела”.
Часова аддзелам міжнароднага супрацоўніцтва будзе кіраваць намеснік Генеральнага пракурора Мажэна Кавацка. Каб у будучым падобных сітуацый не паўтарылася, Анджэй Сэрэмет лічыць, што пракуратуры трэба больш цесна супрацоўнічаць з Міністэрствам замежных спраў.
Сэрэмет: “Яшчэ напрыканцы мінулага тыдня я прыняў рашэнне аб кансультацыях пракурораў з МЗС у тых сітуацыях, калі супрацоўнікі пракуратуры будуць мець нейкія сумневы”.
Сябру Звязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі Анатоля Міхнаўца на прэс-канферэнцыю не ўпусцілі. Прэс-сакратар Генеральнай пракуратуры Мацей Куяўскі патлумачыў гэта тым, што Анатоль не з’яўляецца супрацоўнікам сродкаў масавай інфармацыі. Аднак, на думку самога Міхнаўца, гэта банальная адгаворка, у пракуратуры проста баяцца называць рэчы сваімі імёнамі.
Міхнавец: “Калі мы з Бародкам прыйшлі на прэс-канферэнцыю – нас проста не пусцілі, сказалі, што ёсць распараджэнне нас не пускаць, а пускаць толькі журналістаў. Адчуваецца, што яны могуць расказваць польскім журналістам, прасіць прабачэння – гэта максімум, што яны могуць зрабіць. А калі мы пытаемся канкрэтна, няўжо ў Польшчы невядома, хто такі Алесь Бяляцкі, ды пра справу Андрэя Жукаўца, то яны нічога не могуць адказаць”.
Анатоль Міхнавец дадаў, што беларускія арганізацыі Варшавы будуць чакаць афіцыйных адказаў Генеральнай пракуратуры на іх запыты. Ад гэтага будзе залежаць, працягнуцца акцыі пратэсту ці не.
Фота Алеся Яшчанкі