Halloween-2012: злыя апельсіны, крывавае варэнне і збітыя лётчыкі

Па назіраннях Еўрарадыё, мінская каляметалічная тусоўка даволі кансерватыўная ў поглядах на дрэс-код для Хэлоўіна. Аднак ўсё ж паспрабуем адсачыць пэўныя трэнды і тэндэнцыі "жахлівай моды".

Гэтым разам сачыць за модай мы накіраваліся ў сталічны клуб Рэ:паблік на метал-вечарыну з шэрагу тых, якія традыцыйна ладзіць у гэтую дату БМАgroup. Канцэрт нечакана апынуўся значна больш лёгкім у музычным плане, чым чакалася, дзякуючы, напрыклад, адсутнасці сярод выступоўцаў гурта IMPRUDENCE, і крыху больш фальклорным, чым гэтага патрабуе фармат даты.

Дзякуючы ўсім гэтым супярэчнасцям, лайн-ап мерапрыемства відавочна канфліктаваў сам з сабой: побач з грайнд-кор-гуртом EXEGUTOR ў афішы мерапремства, напрыклад, суседнічаў ціхі і смірны фэнтэзійна-этнічны калектыў ROKASH. Але хэлоўінны соўс усё ж выраўняў смак стравы — публіка была больш засяроджаная на разглядванні адзін аднога і ваджэнні вясёлых мярцвяцкіх карагодаў.

Што ж тычыцца строяў наведвальнікаў Halloween-party, то тут пераважалі ўсё ж класічныя і вечныя вобразы — вядзьмаркі,тапельцы, зомбі, мерцвякі, трупы нявест і гатычныя дамы розных кшталтаў. Аднак Еўрарадыё ўдалося прыкмеціць некалікі і свежых інфернальных ідэй.

Напрыклад, калі гарбузы ў вас у гэтым годзе не ўрадзілі, для вытворчасці міні-аксесуара для Хэлоўіна можа выкарыстаць апельсін.

Яшчэ адін трэнд гэтага году — мілітарысцкія вобразы — разнастайныя мёртвыя і жывыя вайскоўцы і іншя збітыя лётчыкі. 

Што тычыцца хлопцаў, то ім можам параіць такі вось вобраз "пластычнага хірурга з дзяржаўнай клінікі". Крывавыя плямы аўтар раіць наносіць з дапамогай усяго, што трапіцца ў лядоўні, ці ў класічным варыянце — абмазацца кетчупам. Таксама нечакана актуальнымі мужчынсуімі строямі аказаліся прыкіды шалёных звар'яцелых бабулек.

Фолк-гоцік-металісты WEEPING TWILIGHT

Класічны вобраз Фрэдзі Кругера і навамодны ваяка.

А вось вядучы вечарыны, фронтмэн гурта Зніч Алесь Таболіч, відаць, вырашыў выдзеліцца на агульнм фоне і на сцэне з'явіўся ў "цывільным" сінім швэдры.

Дзяўчаты ў адрозненне ад хлопцаў раяць пакідаць крывавя плямы на касцюмах мёртвых Аліс і Чырвоных каптуркоў салодкім варэннем.

RE1IKT

Хэдлайнерам вечарыны сталі RE1IKT. Гурт нечакана зноў выйшаў на сцэну без вакаліста. Праўда, гэтым разам музыкі запэўнілі, што Уладзімір Казлоў з гурта не сыходзіў, а проста страціў голас падчас фестывалю "Бардаўская восень". Не зважаючы на гэтую акалічнасць, гурт не адмовіўся ад выступу і сыграў выдатны інструментаьны сэт. 

Бубнач RE1IKT Аляксандр Дземідзенка на Хэлоўін прыйшоў у строі каляднай казы. Але прызнаўся, што калі б меў больш часу, абавязкова б прыкінуўся ў стылі амерыканскага панк-гурта Misfits.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі