Каманда Някляева пачне збор 100 тысяч подпісаў

Кампанія "Гавары праўду!" пачынае збор подпісаў пад трыма заканадаўчымі ініцыятывамі. З гэтай нагоды Еўрарадыё паразмаўляла з адным з яе лідэраў Андрэем Дзмітрыевым.

Еўрарадыё: Гэтыя заканадаўчыя ініцыятывы маюць умоўныя назвы: “Не дадзім чыноўнікам красці”, “Не дадзім распрадаць краіну” і “Абаронім ад беднасці саміх сябе і нашых дзяцей”. Распавядзіце пра іх падрабязней.
110803 Dzmitrieu - site.mp3
Дзмітрыеў: “Выратуем Беларусь” — гэта стратэгія, якая будзе будавацца з некалькіх крокаў. Першы крок — гэта два законапраекты. Першы мы умоўна называем: тое, што нам трэба рабіць у Беларусі па справядлівасці. Мы бачым, што сёння крызіс нарастае, але чынавенства жыве, як жыло, а крызіс ён б’е толькі па людзях. І мы прапануем вельмі просты закон: чыноўнікі і іх сем’і павінны публічна дэклараваць свае даходы і свае выдаткі. Тады мы будзем бачыць, як і за што яны жывуць, гэта ёсць нашыя грошы, якія мы, грамадзяне Беларусі, зарабляем і мы б хацелі разумець, як, чаму і куды яны іх трацяць.

Другі законапраект, які мы таксама лічым вельмі важным, тычыцца прыватызацыі. Мы прапануем увесці закон, паводле якога для таго, каб прадаць любое з буйных прадпрыемстваў ці прадпрыемстваў, якія знаходзяць свой прыбытак у нетрах зямлі беларускай, трэба будзе правесці агульнанацыянальны рэферэндум.

Трэці законапраект пра ўласнасць на зямлю. Мы яго будзем прасоўваць не зараз, мы пачнем яго прасоўваць у верасні, калі будзе другі этап кампаніі “Выратуем Беларусь”.    

Еўрарадыё: Каб гэтыя законапраекты нейкім чынам далей афіцыйна прасоўваць, вам неабходныя подпісы грамадзянаў. Як гэта будзе рэалізавана і колькі подпісаў вы плануеце сабраць пад гэтымі законапраектамі?

Дзмітрыеў: “Мы плануем сабраць па 50 тысяч подпісаў пад кожным законапраектам, зараз іх два — гэта 100 тысяч подпісаў. Гэта роўна столькі подпісаў, колькі трэба для вылучэння кандыдата ў прэзідэнты. Таму мы паглядзім, ці захаваўся давер у насельніцтва да лідэра — Някляева. Структура ўжо перабудавана, структура ўжо гатовая да працы і з наступнага тыдня мы пачнем збіраць подпісы”.

Еўрарадыё: Ёсць нейкія тэрміны, да якіх вы будзеце збіраць подпісы?

Дзмітрыеў: “Мы сабе паставілі абмежаванне — 25 верасня. Да гэтага часу мы павінны сабраць па 50 тысяч подпісаў за кожны законапраект. 2 верасня адчыняецца сесія Палаты прадстаўнікоў, 8 верасня будзе Народны сход. Мы прапануем гэты законапрает разгледзець і беларускаму парламенту і, спадзяемся, гэта будзе павесткай дня Народнага сходу (яго правядзенне запланавала на кастрычнік частка апазіцыі — Еўрарадыё)”.

Еўрарадыё: Наколькі рэальна, што гэтыя законапраекты ўвогуле разгледзяць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў?

Дзмітрыеў: “Гэта ўжо справа дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Ці здольныя яны на нешта ці не... ”.

Фота — zapraudu.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі