Kriwi са смакам джазу, ці Найлепшы unplugged году
Вераніка Круглова зрабіла сюрпрыз прыхільнікам і выступіла ў Мінску з Настай Хмель і Паўлам Аракелянам.
Kriwi адыгралі незвычайны канцэрт: unplugged у выкананні Веранікі Кругловай, Насты Хмель і Паўла Аракеляна! І гэтыя музыки літаральна паставіли “Графіці” на вушы. Гісторыя трыа можа падацца нават неверагоднай. Распавядае лідарка гурта “Джамбібум” Наста Хмель:
Наста з сям'ёй цяпер жыве на поўдні Францыі, грае на гітары і чакае дзіця
“У гэтым годзе мы з Веранікай апынуліся ў амаль аднолькавым становішчы — дзве музычна ўзалежненыя эмігранткі, толькі ў розных краінах. Ну, і мы вырашылі сустрэцца. Я прыехала да Веранікі ў Берлін, і мы ўзгадалі тое, што рабілі калісьці, і трошачкі зрабілі новага”.
Падчас канцэрту Вераніка ўразіла неверагодным драйвам і шчасцем
Вось так бывае: дзве выдатныя беларускія спявачкі знайшлі сваё жаночае шчасце за мяжой. Аднак Радзіма кліча, і душа патрабуе песні. Таму, паводле слоў Веранікі Кругловай, дзяўчыны вынайшлі хітры спосаб сумеснага музыцыравання.
Вераніка Круглова: “Мы вырашылі прыехаць сюды і зрабіць акустычную праграму “на калёсах”. Нас захапіла ідэя мінімальным складам “качнуць”, зрабіць нешта кшталту жаночай “Пятницы” — не тое, каб “закос”, але чаму не? І нашы песні праспяваць у розных стылях і кірунках. У нас ёсць усё, але ўсё ж такі ад лініі не адыходзім — спяваем прыгожыя, аўтэнтычныя беларускія песні”.
Калыханка wushki.mp3
Павел Аракелян падыгрываў дзяўчынам на саксафоне, флейце і электрапіяніна
Беларускі джазмен Павел Аракелян, які дагэтуль мала быў знаёмы з беларускім фальклорам і гуртамі, якія яго інтэрпрэтуюць, патрапіў у праект Kriwi… праз Facebook!
Павел Аракелян: “Мы з Веранікай знаёмыя віртуальна — фрэнды на Facebook. І вось яна кажа, што прыязджае, і прапаноўвае зайграць разам. Зараз вельмі мала цікавых праектаў, на якія я ў прынцыпе падпісваюся, — проста нецікава. А з Веранікай з вялікім задавальненнем мы сустрэліся, нешта “намацалі”… Апынулася, што гэта яшчэ і музычна цікава, а не толькі па-чалавечы. Наста таксама цудоўны музыка. Таму я з вялікім задавальненнем з дзяўчынкамі выступаю”.
Як і абяцалі музыкі перад сэтам, слухачы пачулі яскравую сумесь стыляў, слушна прыпраўленую джазам ад Паўла Аракеляна. Знакамітыя “Коцік”, “Лося”, “За туманам”, “Агу, вясна” набылі новыя фарбы і адценні, новыя песні хацелася слухаць і слухаць, музыкі ўпадалі ў транс і пяшчоту, і, падавалася, дэманстравалі свае здольнасці на 1000 адсоткаў! Акустычнае трыа рушыла горы! Апынулася, што трыа зрабіла шчаслівым не аднаго чалавека ў зале. А кіраўнік “Пан-студыі” Зміцер Саладуха падзяліўся з Еўрарадыё сваім бачаннем такіх Kriwi.
Зміцер Саладуха: “Тое, што я зараз чую, асабіста для мяне — гэта проста цуд! З чаго цуд? З таго, што год таму з Веранікай мы размаўлялі пра перспектывы яе Kriwi: што можа быць, у які кірунак можна ісці. І я па ўнутраным адчуванні прапанаваў ёй ісці ў мінімалізм. Адыходзіць, можа, ад яскравасці, ад аранжыраванасці, ісці ў акустыку, у мінімальную акустыку. І сёння я бачу, што такі крок зроблены, што я абсалютна шчаслівы! Тое, што я зараз чую, — гэта абсалютна адпавядае таму, што я думаю пра Kriwi такое ўжо сталае, саспелае”.
Рок-н-рол roknrol.mp3
Як заўсёды адзначае Вераніка Круглова, Kriwi — мультыкультурны праект, які супрацоўнічае з вялікай колькасцю музыкаў і можа быць і дуэтам, і аркестрам. Тым не менш менавіта гэты варыянт Kriwi — unplugged з Веранікай, Настай і Пашам — выглядаў абсалютна натуральным. А кіраўнік студыі “Осмос” Павел Юрцэвіч назваў гэты канцэрт “unplugged’ам” году!
Павел Юрцэвіч: “Дагэтуль я быў практычна на ўсіх выступах Kriwi, якія праходзілі ў Мінску пасля паўзы… Я спачатку падумаў, убачыўшы тры чалавекі, што будзе нецікава… Аднак лепшага анплагду за апошнія два гады я не чуў! Гэта насамрэч драйв, гэта насамрэч класна! Падавалася б, прафесіяналізм — банальная рэч. Але адчуваецца нейкая адданасць ідэі. Я вельмі задаволены!”
Музыкі не выключаюць, што ідэі новаспечанага трыа будуць запісаныя. Пакуль жа Kriwi рыхтуюцца выступіць на фэсце этнічнай музыкі “Вольнае паветра”, які адбудзецца напрыканцы жніўня ў Шаблях.