Кулінковіч: Я хацеў усіх з “чорнага спіса” падбіць на “Еўрабачанне”!
“Я афігеў, шчыра кажучы!” — Піт Паўлаў у шоку ад уціску на яго з боку праціўнікаў удзелу N.R.M. ў адборы на “Еўрабачанне”.
Як даведалася Еўрарадыё, падаць заяўку на адбор у "Еўрабачанні" хацеў нават... “Нейра Дзюбель”! Больш за тое, планы былі шырэйшыя, прызнаецца лідэр гурта Аляксандр Кулінковіч.
Аляксандр Кулінковіч: “Мы ўвогуле хацелі падгаварыць усіх музыкантаў з “чорнага спісу”, каб усе падалі. Мы проста прытармазілі — вельмі моцна былі занятыя. А так, мы таксама хацелі прыкалоцца”.
Таму “Нейра Дзюбель” энэрэмаўцаў падтрымлівае. Іншая справа, што абраная калегамі песня “Кузьнічка”, на думку лідэра “Дзюбелёў”, складана “кладзецца на слых” і не мае шанцаў.
Падтрымлівае Піта Паўлава і N.R.M. у імкненні прарвацца на "Еўрабачанне" і прадзюсар Уладзімір Максімкаў. Вось толькі, абраная хлопцамі для конкурсу песня — не для "Еўрабачання".
Уладзімір Максімкаў: “Гэта наша галоўная памылка: ехаць на конкурс абавязкова перамагаць і з поўнай упэўненасцю, што песні лепшай за гэтую — дакладна няма. Гэта самаўпэўненасць, якая штогод падводзіць любога нашага артыста. Я заўсёды вельмі рэзка стаўлюся да такіх выказванняў. На "Еўрабачанне" трэба ехаць, каб “адтапырвацца”, а не перамагаць”.
Заклікае ўсіх у будучым падаваць заяўкі на "Еўрабачанне" музычны журналіст Таццяна Заміроўская. Не важна – у “чорным спісе” гурт, ці не.
Таццяна Заміроўская: “Няхай усе спрабуюць, аддаюць песні на гэты конкурс. Гэта ж не дзяржаўны конкурс “За Беларусь – песня года 2012”! Проста конкурс, проста нагода запісаць песню. Можа, Піт бы гэтую песню ўвогуле не запісаў! А тут нешта зрабіў — выдатна”.
Нічога дрэннага ў памкненні N.R.M. патрапіць на "Еўрабачанне" не бачыць і паэт, аўтар “Народнага альбома” Міхал Анемпадыстаў.
А музыкант Аляксандр Памідораў раіць незадаволеным прыгадаць Піту тое, што нарадзіўся той 7 лістапада і “павесіць” на яго Кастрычніцкую рэвалюцыю.
Аляксандр Памідораў: “Адмаўляць творцу ў праве на творчасць і рэалізацыю творчасці... Гэта ўжо з дзяржаўных устаноў пераходзіць на іншыя галовы. Нам усім трэба лекавацца!”
Аляксандр Кулінковіч дадае – за удзел у адборы ганяць Піта і N.R.M. тыя, хто баіцца хоць нешта зрабіць.
“Наша беларускамоўнае атачэнне — я афігеў, шчыра кажучы!” — па словах Піта Паўлава, ён у шоку ад уціску на яго.