Ланская пра Базар: Я паважаю савецкія песні, але на фоне суcветнага ўзроўню

120717 Malina_SlavBazar.mp3

"Славянскі базар" выйграе спявак з Македоніі Бобан Майсоўскі. Кажуць, што перамогу хлопцу праракалі яшчэ ў першы дзень, пасля нечакана набраных ім 93 балаў. Вось толькі што дае гэтае гран-пры маладым выканаўцам, акрамя дыплома ды 15 тысячы долараў?

"Я думаю, што ў большасці артыстаў кар'ера пайшла ўгару, — перакананая пераможца мінулага фестывалю Алёна Ланская. — І ў Іны Афанасьевай, і ў Ірыны Дарафеевай, і ў Пятра Ялфімава, і на той час у Паліны Смолавай... "Славянскі базар" у першую чаргу дае добрую школу, а таксама штуршок для кар'еры".

Калі лічыць Алёну, то беларусы перамагалі на "Славянскім базары" толькі чатыры разы, прычым тры гады запар — з 2003 па 2005. А на першым і трэцім фестывалях гран-пры ўвогуле не ўручалася! Не было вартых гэтай узнагароды выканаўцаў, ці журы было больш строгае!?

Кар'еру замежных пераможцаў "Базару" Ланская каментаваць не наважваецца, бо імі не цікавіцца. Але Еўрарадыё адсачыла ўзлёты лідараў віцебскага фестывалю. Сапраўды шырокае прызнанне атрымалі толькі ўладальнікі гран-пры яшчэ да пачатку двухтысячных, то бок да пераможцаў-беларусаў.

Першы лідар "Базару-1993", украінская спявачка Таісія Павалій, зараз на радзіме "народная". Тое ж можна сказаць пра Руслану (1996 год). Праўда, шырокае прызнанне яна атрымала пасля перамогі на "Еўрабачанні" ў 2004 гаду. Яшчэ адзін пераможца "Базару", сербскі спявак Жэлька Ёксімавіч прайграў Руслане на еўрапейскім песенным конкурсе толькі 17 балаў. Апошняй сапраўднай зоркай-пераможцам "Славянскага базару" (акурат у 2000-м годзе) можна лічыць Тошэ Праэскі з Македоніі. У 2007-м спявак загінуў у аўтакатастрофе, што сталася сапраўднай нацыянальнай трагедыяй.

"Натуральна, трэба нешта мадэрнізаваць, — выказвае сваё меркаванне наконт сёлетняга конкурсу і "застою" пераможцаў Алёна Ланская. — Я вельмі паважаю савецкія песні, такіх песень напэўна больш ніколі не будзе, але на фоне сусветнага музычнага ўзроўню... Натуральна, трэба нешта развівацца і не стаяць на месцы".

Алёна прызнаецца, што ёй часам бывае шкада журы, бо яны гады запар слухаюць песні "Червона рута", "Нежность", "Музыка" ў выкананні канкурсантаў.

Сябра журы Аляксандр Ціхановіч не згодзен са спявачкай, маўляў, гэта выбар кожнага, што спяваць, тым больш, што аранжыроўкі розныя. Але таксама лічыць, што на Пугачовай свет клінам не сышоўся.

"Акрамя Алы Пугачовай, я думаю, ёсць яшчэ шмат аўтараў у славянскіх краінах. Але не жадаюць, відаць, капацца ў гэтым. Таму знаходзяць тое, што ім блізка, знаёма, і падаецца, што будзе добра выканана. Але ў шматлікіх выпадках я не думаю, што ў іх атрымліваецца выканаць гэтыя песні лепш за арыгінал!".

Пры гэтым Аляксандр Рыгоравіч перакананы, што ўзровень ды прэстыж фэсту расце. Тым не менш нават у "Вікіпедыі" Еўрарадыё знайшло спасылкі толькі на восем пераможцаў з дзевятнаццаці!



Фота: festival.vitebsk.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі