Лукашэнка забараніў купляць службовыя аўто даражэй за 25 тысяч еўра

Кошт службовага легкавога аўтамабіля не павінен перавышаць у эквіваленце 25 тысяч еўра з улікам мытных плацяжоў, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Лукашэнкі. Выключэнні робяцца толькі з дазволу кіраўніка дзяржавы. Гэтая норма датычыць дзяржаўных органаў, дзяржаўных юрыдычных асобаў, гаспадарчых таварыстваў, у якіх дзяржава мае больш за 50% акцый, а таксама сельскагаспадарчых арганізацыяў з доляй дзяржавы ў статутным фондзе.

За перавышэнне гэтага кошту пры набыцці службовага легкавога аўтамабіля прадугледжваецца штраф ад шасцісот да адной тысячы базавых велічынь. Цяпер гэта ад 60 да 100 мільёнаў.

Таксама ёсць і іншыя абмежаванні. Юрыдычныя асобы змогуць набываць аўто, толькі калі апошнія тры каляндарныя месяцы да даты набыцця не маюць пратэрмінаванай запазычанасці па заробках, па спажытых энэргарэсурсах, па плацяжах у бюджэт і г.д.

Указ набудзе моц праз месяц пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Нагадаем, што апошнія некалькі месяцаў у СМІ асвятляліся некалькі гучных гісторыяў, калі чыноўнікі ў розных раёнах куплялі дарагія службовыя аўто.

Фота — orbitnetwork.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі