Лявон Вольскі сыграў у Варшаве
8 снежня Лявон Вольскі даў канцэрт у Варшаве.
У клубе Spoldzielnia CDQ, вядомы беларускі музыка выступіў з акустычнай праграмай, якая складалася з песень розных гадоў: ад “Мроі” і “НРМ” да “Саўкі і Грышкі”.
Карэспандэнту Еўрарадыё Лявон распавёў, чым для яго адметны гэты канцэрт, а таксама прызнаўся ў любові да Варшавы.
Вольскі: “Звычайна на нашых канцэртах людзі сядзяць за столікамі, п’юць, закусваюць. Гэта “інтымныя” сустрэчы ў кавярнях. А тут публіка ад самага пачатку стаяла перад сцэнай, чакала нейкага “руху”. Як не дзіўна, гэта атрымалася, не гледзячы на тое, што мы прыехалі акустычным складам. Варшава для мяне – другая сталіца пасля Мінска. Я тут неаднаразова граў канцэрты, быў тут на творчай стыпендыі, я прасякнуўся гэтым горадам”.
У Варшаву Лявон Вольскі прыехаў разам з гітарыстам Алегам Гарусам і Мацвеем Сабуравым, які граў на тамбурыне. Да гэтага музыкі выступілі з падобнай праграмай ў Празе, Беластоку, Берліне і ў Санкт-Пецярбургу.