"Людзі на балоце" паказалі "аўдыёфільм" пра антыбальшавіцкае паўстанне

121018_malina_ljudzi.mp3

"Жывы Тузін" працягвае адкрываць новыя імёны беларускамоўнай альтэрнатыўнай сцэны. Не без уплыву праекта на нашай сцэне з'явіліся Паліна Рэспубліка, HandmadЕ і іншыя выканаўцы. Але, па-шчырасці, самы цікавы з іх калектыў быў прадстаўлены надоечы ў кафе Loft. Гурт прехаў з Гродна, называецца ён "Людзі на балоце". Яго песні здзіўляюць і тэкстамі, і музыкай, і энергетыкай. Нават Аляксандр Памідораў, які вееельмі любіць пакрытыкаваць усіх і ўсё, нечакана называе творчасць гурта "музыкай па яго душы". Менавіта такіх песень, на думку музыкі і шоў-мэна, не хапае на нашай сцэне.

"Няма ў нас здаровай анархічнасці, калі ёсць сваё разуменне і адчуванне свайго, — тлумачыць Саша, — І мне здаецца, іх песні менавіта такія. Але гэта  ж толькі першыя спробы. Гэты гурт можа дасягнуць нармальнай папулярнасці і не толькі ў нас, бо гэтыя песні заўсёды да стала, пры стале, яны для кампаніі, для любой сітуацыі".

Праўда, музыка адразу паправіўся, што пакуль яшчэ "Людзі на балоце" сыраватыя: ім не хапае смеласці ў выкананні. Усё мусіць быць больш свабодна, тым больш, самі песні на гэта падштурхоўваюць сваёй унутранай свабодай. Дарэчы, на канцэрце Pomidor/OFF нечакана выступіў у ролі разаграваючага, а не хэдлайнера, але прысутных гэта не здзівіла. Наадварот, людзі разварушыліся і спявалі з гарадзенцамі разам, так што можна смела заяўляць, што ў зусім яшчэ маладога гурта ўжо ёсць некалькі соцень адданых прыхільнікаў.

"Яны прыдумалі вельмі цікавы праект і занялі абсалютную нішу ў беларускай музыцы таму, што яны звярнуліся да тэмы, да якой фактычна ніхто да іх не звяртаўся, — амаль паўтарае словы Памідорава рэдактар парталу "Тузін гітоў" Сяргей Будкін. — Тое, што яны прапануюць, можна лічыць калі не сапраўдным мастацтвам, бо гэта занадта пафасна, то поглядам разумных людзей, на тое, што адбылося калісьці. А гэтага пераасэнсавання як раз у нашы часы не стае".

Дэбютны дыск "Людзей на балоце" цалкам прысвечаны тэматыцы антыбальшавіцкга паўстання ў Беларусі. Але ён не ўтрымлівае ніякіх лозунгаў а-ля "бальшавікі — казлы". Гэта, хутчэй, такі адукацыйны гістарычны нарыс ці, як мяркуе Сяргей Будкін, аўдыёмастацкі фільм.

"Для мяне ўвогуле, як гісторыка па адукацыі, было заўсёды цікава чаму гэтая тэматыка ніколі не ўсплывала ў рок-асяроддзі, — распавядае лідар гурта Алесь Дзянісаў. — Мяне заўсёды цікавіла тэматыка грамадзянскай вайны. Вядома, я глядзеў камуністычныя, бальшавіцкія фільмы. Але калі ты развіваешся і пачынаеш цікавіцца гісторыяй сваёй краіны, то разумееш, што бальшавіцкая рамантыка — гэта ілжывая рамантыка. Бо існавала іншая гісторыя, існавалі іншыя героі, існавалі іншыя паўстанні, якія былі таксама не менш рамантычныя".

Усе песні аднайменнага дэбютніка “Людзей на балоце” былі напісаныя Алесем яшчэ ў часы існавання гурта "Кальян", якім ён таксама руліў. Але на наступным дыску Дзянісаў выступіць толькі кампазітарам. У яго ўвойдуць лірычныя песні на вершы паэтаў Дануты Бічэль-Загнетевай, Андрэя Пяткевіча і Марыі Базылюк-Саснюк. А вось трэці дыск, не выключае Алесь, магчыма, зноў верне каманду да антыбальшавіцкай тэматыкі. Тым больш, што матэрыял для яго таксама збіраецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі