"Маўклівая" акцыя 20 ліпеня (АНЛАЙН + ФОТА)

22:00, МАГІЛЁЎ. Распавядае адзін з удзельнікаў "маўклівай" акцыі. "Як толькі ўдзельнікі “маўклівай акцыі” пачалі топаць, іх папярэдзілі праз мегафон аб недапушчальнасці любога кшталту актыўнасці. Паводле маёра Цецярукова, любое сумеснае дзеянне, якое можа быць разлічана на прыцягненне ўвагі іншых грамадзян, можа быць расцэньвацца як несанкцыянаваная акцыя... Трэба адзначыць, што гэтым разам удзельнікам акцыі не далі сабрацца каля скверыка насупраць плошчы Леніна - яна была ачэплена міліцыянтамі. Каля дыягнастычнага цэнтра, дзе мінулы раз збіраліся "маўчуны", праходзіла ярмарка. Таму яны туліліся каля Беларуска-расійскага ўніверсітэта. Агулам у акцыі прыняла ўдзел да 100 чалавек. Затрыманняў не было".  Фота з Магілёва:

 

 

 

 

 

 

 


21:50, ПІНСК. Міліцыянтаў на "маўклівай акцыі" было менш, чым звычайна, паведаміў Еўрарадыё відавочца падзеяў. Яны выставілі ачапленне толькі на плошчы Леніна (раней пасты стаялі і на навакольных вуліцах). Напэўна з-за небывалай спёкі праход на плошчу забаранілі на 15 хвілінаў пазней, чым заўжды. З бачнай неахвотай міліцыянты тлумачылі мінакам, што на плошчы праводзіцца мерапрыемства, таму праход туды забаронены. З-за незразумелага "абвастрэння" паводзінаў праваахоўнікаў у цэнтры Пінска па серадах, у горадзе стала традыцыяй ладзіць сваеасаблівае "сафары". Пінчукі прыводзяць у гэты дзень на плошчу сваіх замежных гасцей, і па-магчымасці тлумачаць ім што адбываецца. Міліцыянты паводзяць сябе вельмі карэктна, аднак стаяць без бэйджаў. Калі выпадковы мінак звярнуў на гэта ўвагу афіцэра міліцыі, той збянтэжана дастаў з кішэні свой бэйдж і прымацаваў яго на вопратку.

21:20, МІНСК. Фота з "маўклівай" акцыі 20 ліпеня ў Мінску.

 

 

 

 

 

 

Працяг фотарэпартажу і іншыя фотаздымкі з акцыі "маўклівага" пратэста можна пабачыць тут.

21:00, БРЭСТ. Затрыманы перад акцыяй "маўклівага" пратэсту непаўнагадовы Сяргей Алексіевіч здолеў збегчы з РАУС. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сам хлопец: "Я проста ўцёк. Калі ішоў з прыбіральні, убачыў, што калідор пусты, і даў драпака. Мяне хацелі пратрымаць у пастарунку ўсю акцыю, з двух да васьмі. Затрымлівалі двое ў цывільным, не назваліся. Проста скруцілі і звалаклі. Міліцыянты ставіліся добра. У пастарунку нават пячэннем пачаставалі. А “цывільныя”, адзін з іх... Біў па твары і нагой адзін раз даў, але я гэты ўдар адвёў".

20:50, КІЕЎ. Да беларускіх "маўклівых" пратэстоўцаў далучыліся ўкраінцы. 20 ліпеня яны пляскалі ў ладкі ля амбасады Беларусі ў Кіеве. У акцыі прынялі ўдзел блізу 50 чалавек, а сама яна прайшла пад бела-чырвона-белымі, "паўстанцкімі" сцягамі, паведамляе сайт "ВІКНА".

20:38, НАВАПОЛАЦК. Інфармацыя з "Твітара": пакуль на вуліцах горада ішлі паказальныя выступы супрацоўнікаў МНС, быў затрыманы наваполацкі актывіст дэмруху Яўген Парчынскі.

20:32, МІНСК. Фота Еўрарадыё, на якіх бачна, як людзі ў цывільным затрынліваюць Алену Ліхавід.

 

20:24, МІНСК. Чытач "Нашай Нівы" Яўген Іванюк даслаў SMS з аўтобуса з затрыманымі: "Нас 16. Едзем у Цэнтральны". У гэтым жа аўтобусе едзе ў Цэнтральны РАУС і Алена Ліхавід.

20:20, МАГІЛЁЎ. Фота з акцыі:

@vasilkov

20:15, МІНСК. Затрыманыя 2 сябры "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі": Вольга і Уладзімір Хіневічы, паведамляе сайт БХД. Затрыманне адбылося каля 19:30, яго здзейснілі людзі ў цывільным.

20:10, ВАЎКАВЫСК. Падчас "маўклівай" акцыі затрыманы Віталь Гуляк і ягоны сябра, паведамляе "Радыё "Свабода".

20:05, БРЭСТ. "Людзі нават пляскалі", - пішуць у "Твітары".

@_jeweller_

19:57, МАЛАДЗЕЧНА. Па звестках "Нашай нівы",каля 10 "маўчуноў" сабраліся на Цэнтральнай плошчы каля помніка Леніна. Дзяжурыць міліцыя, аўтазак і асобы ў цывільным.

19:54, МАГІЛЁЎ. Відавочца акцыі ў эфіры Еўрарадыё: "Удзельнікаў было няшмат, 50-70 чалавек. Людзі стаміліся, а можа паўплывала тое, што месца мянялася. У далоні не пляскалі, бо ў мінулыя  разы адразу затрымлівалі за гэта. Але гэтым разам гулялі ў ладкі, дзяўчаты ды тыя, хто прыйшоў з дзецьмі. Міліцыянт да іх падыходзіў і тлумачыў што забаронена прыцягваць да сябе ўвагу. Сабраліся на старым месцы, дзе праходзілі першыя акцыі. Затрыманняў я не бачыў".

19:52, МІНСК. Хлопца з фотаапаратам выпіхнулі з аўтобуса з затрыманымі са словамі "У нас дэмакратыя, трэба ўсё здымаць!" Па яго словах, у аўтазаку было 10-12 чалавек, у адной дзяўчыны было моцна пабітае калена. 

19:51, МІНСК. Па няспраўджаных звестках, за працай мінскай міліцыі 20 ліпеня назіралі прадстаўнікі Пракуратуры.

19:50, МІНСК. Затрыманая маці Мікіты Ліхавіда.

19:49, ГРОДНА. У дадзены момант сітуацыя на Савецкай плошчы і вуліцы выглядае так, быццам шматлікія супрацоўнікі праваахоўчых оргнаў чакаюць на з'яўленне дужа важнай асобы: дзяжурыць міліцыя, патрулі спецназа. Метадычна расстаўленыя аўтазакі. Нешматлікія мінакі шпацыруюць невялікімі кампаніямі, нідзе не канцэтруюцца. "Не акцыя, а нейкі міліцэйскі карпаратыў", - зазначаюць у інтэрнэце.

19:45, ГОМЕЛЬ. Ля фантана, на традыцыйным вечаровым месцы моладзевай "тусоўкі", сабраліся каля 50 удзельнікаў "маўклівай" акцыі. Там шмат мінакоў, таму ёсць верагоднасць, што будуць затрыманыя выпадковыя людзі.

19:42, БРЭСТ. Затрыманы актывіст АГП Марат Несцярэнка і журналістка "Радыё Рацыя"  Аліса Поль. Каля 18:55 іх схапілі каля кінатэатра “Беларусь”, дзе павінна была адбыцца “маўклівая акцыя”, паведамляе БелаПАН.

19:37, МІНСК. На вуліцы Леніна пад’ехаў аўтобус без нумароў і частку людзей, што гулялі, запіхнулі туды. Такім чынам затрымана каля 10 чалавек. Аўтобус з’ехаў. Затрымлівалі, як і раней, людзі ў цывільным. Не вельмі жорстка, бо ніхто не аказваў супраціву. Тыя каго не затрымалі працягваюць пляскаць у далоні, але іх ужо рассеклі на часткі. Аўтамабілісты не ўтвараюць коркаў, але сігналяць і крычаць ў вокны. Мінакі таксама падтрымліваюць, але іх няшмат, - паведамляе карэспандэнтка Еўрарадыё Наста Манцэвіч.

19:36, МІНСК. Пачаліся затрыманні ля кінатэатра "Перамога". Людзей грузяць у аўтобус без нумароў.

19:35, ГОМЕЛЬ. Шмат міліцыі на Прывакзальнай плошчы. Па два чалавекі дзяжураць на рагу кожнай вуліцы. Астатнія канцэнтруюцца ля ДК Чыгуначнікаў.

19:34, БАРЫСАЎ. Цэнтральная плошча перакрытая, на яе не пускаюць. Шмат людзей ходзіць навокал.

19:32, МІНСК. Ля ГУМа мінакі наткнуліся на кардон з людзей у цывільным. Развярнуліся і пайшлі назад па вуліцы Леніна ў бок вуліцы Інтэрнацыянальнай. Гэта робіцца сапраўды падобным да шпацыру!

19:29, МІНСК. Людзі звярнулі з вуліцы Інтэрнацыянальнай на вуліцу Леніна і цяпер вяртаюцца да праспекта Незалежнасці, пляскаючы ў далоні. Хутка дойдуць да скрыжавання вул. Леніна з пр. Незалежнасці, дзе стаіць "МакДональдс" і праходзіла акцыя 15 ліпеня.

19:27, МІНСК. Удзельнікаў "маўклівай" акцыі адштурхалі на вуліцу Інтэрнацыянальную. Зараз яны ідуць у бок гатэля "Еўропа" і пляскаюць, іх не менш за 50 чалавек.

19:26, МІНСК. Калі людзей пачалі адціскаць, людзі пайшлі па вуліцы Энгельса, пляскаючы ў далоні.

@Chudentsov

19:25, МІНСК.Удзельнік акцыі чуў з міліцэйскай рацыі: "...гэта ўжо шмат. Прымайце рашэнне самастойна".

19:22, МІНСК. З боку Палаца Рэспублікі з'явіліся спецназаўцы, чалавек 20-30. Яны сталі ў ланцуг ля ўвахода на Кастрычніцкую плошчу, а пасля пачалі адціскаць людзей па вуліцы Энгельса ў бок Нямігі.

19:20, МІНСК. На Кастрычніцкай плошчы ў Мінску сабралося каля 100 чалавек. Зараз іх у мегафон просяць разыйсціся.

19:17, МАГІЛЁЎ. Карыстальнікі "Твітэра" паведамляюць, што самымі актыўнымі ўдзельнікамі "маўклівай" акцыі з'яўляюцца кіроўцы аўтамабіляў, якія ўвесь час слухаюць песні Віктара Цоя.

19:10, БЕЛАРУСЬ. Прыкладна ад 19:00 не грузіцца сайт расійскай сацыяльнай сеткі "вКонтакте", праз якую каардынуюцца "маўклівыя" акцыі. Чытаць "вКонтакте" можна праз ананімайзер www.cameleo.ru.

19:05, ГРОДНА. Савецкая плошча ачэпленая турнікетам. На ёй і навокал багата міліцыі і людзей у цывільным. Дзяжурыць спецназаўцы. На суседніх з плошчай вуліцах стаяць аўтазакі і аўтобусы МАЗ. У мінакоў правяраюць дакументы, перапісваюць пашпартныя дадзеныя.

19:00, МІНСК. Аўтамабільны рух па праспекце Незалежнасці перакрываюць у раёне плошчы Перамогі. ДАІ накіроўвае аўтамабілі ў аб'езд.

18:57, МІНСК. За Палацам Рэспублікі стаіць некалькі аўтазакаў. Гэта знак бяды.

18:55, МІНСК. На праспекце Незалежнасці ў Мінску ізноў перакрытыя цэнтральныя палосы.

18:54, МІНСК. Журналісты падарылі Аляксандру Ластоўскаму яго фотаздымак у рамачцы, зроблены падчас маўклівай акцыі 13 ліпеня на плошчы Якуба Коласа ў Мінску.

18:50, МІНСК. На Кастрычніцкай плошчы з'явіўся прэс-сактарат мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі. Журналісты згрупаваліся вакол яго. Варта толькі адыйсці ад яго некалькі крокаў - адразу падыходзяць людзі ў цывільным і просяць вярнуцца, каб "не правакаваць" іх, - перадае карэспандэнтка Еўрарадыё Наста Манцэвіч.

18:45, БЕЛАРУСЬ. НУМАРЫ ЕЎРАРАДЫЁ, НА ЯКІЯ ВЫ МОЖАЦЕ ТЭЛЕФАНАВАЦЬ І КІДАЦЬ SMS ПРА ТОЕ, ШТО АДБЫВАЕЦЦА НА АКЦЫІ "МАЎКЛІВАГА" ПРАТЭСТУ: +48 665 558 255 і +375 29 121 22 96. ТАКСАМА ГАРАДСКІ Ў МІНСКУ +375 17 321 22 96.


18:40, МІНСК. Кастрычніцкая плошча не перакрытая. Уздоўж праспекта Незалежнасці стаяць людзі ў цывільным з рацыямі, супрацоўнікі міліцыі і спецназу. Людзі ў цывільным стаяць таксама ля падземных пераходаў і выхадаў з метро. 

Людзей на самой плошчы пакуль што няшмат. Невялікія групкі людзей ёсць ля рэстарана “МакДональдс”.

каля 16:00, БЕЛАРУСЬ. У блогу (!) GUVD_Minsk з’явіліся парады для журналістаў наконт працы на “маўклівай” акцыі і стасункаў з людзмі ў штацкім. Між іншага, кіраўнік прэс-слу Аляксандр Ластоўскі зазначыў:  “Калі вы журналіст, у вас мусіць быць рэдакцыйнае пасведчанне або акрэдытацыя МЗС РБ пэўнага ўзору. Калі ў вас гэтых дакументаў няма ці вы адмаўляецеся іх прад'явіць - вы з'яўляецеся ўдзельнікам несанкцыянаванай акцыі і, адпаведна, можаце быць затрыманыя па арт 23.34 КоАП РБ… Блогеры і фрылансеры паводле беларускага заканадаўства - не журналісты, але невялікія выключэнні могуць быць зробленыя тым, каго я ведаю асабіста. Такім неабходна мець з сабой дакумент, які пацвярджае асобу, і знайсці мяне”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі