Міхалевіч: Я выступаю за спыненне вытворчасці пладова-ягадных він

Кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч ад самага пачатку напоўніў сваю выбарчую кампанію крэатывам. Абвяшчаў пра пачатак сваёй кампаніі ён у планетарыі, а прэзентаваў праграму – у Ратушы.

Сам дыпламаваны антыкрызісны ўпраўляючы, Міхалевіч пачаў сваю праграму з эканамічнага блока. Шмат гаварыў пра лібералізацыю эканомікі, банкаўскай сістэмы, інавацыйныя фонды ды іншыя малацікавыя простаму выбаршчыку рэчы. Пакуль не дайшла справа да больш жыццёвых праблем. Да прыкладу, праблем пенсіянераў.

Алесь Міхалевіч:
“Нашай краіне патрэбна сур’ёзная пенсіённая рэформа, якая будзе гарантаваць кожнаму беларусу годную старасць. Таму я выступаю за стварэнне накапляльнай сістэмы з персанальнымі пенсійнымі рахункамі. Стварэнне ўмоў для рэалізацыі страхавых прынцыпаў і пенсійным забеспячэнні”.

Вось толькі гаворачы пра пенсіянераў, кандыдат неяк забыўся пазбаўленых льгот студэнтаў узгадаць у сваёй праграме.

Алесь Міхалевіч: “Мы пра гэта не гаворым, адказу на гэта пытанне ў праграме няма”.



Няма нічога ў яго праграме і пра ўступленне ў Еўрасаюз. Нібыта таму, тлумачыць Міхалевіч, што справа гэта магчымая, але не сённяшняга дня. Хоць і не забыўся адзначыць, што будзе дабівацца зніжэння кошту шэнгенскіх віз для беларусаў. А ў ідэале, і ўвогуле адмены візавага рэжыму з краінамі Шэнгенскай зоны.

Выказаўся кандыдат і наконт будаўніцтва беларускай АЭС.

Алесь Міхалевіч: “Мы супраць будаўніцтва АЭС таму, што атамная энергетыка ў Беларусі ў тым варыянце, які нам прапануецца, не эфектыўная. Да таго ж, яна супярэчыць таму брэнду Беларусі, які мы будзем развіваць на сусветным рынку”.

Складальнікамі новага брэнду павінна, па Міхалевічу, стаць адмена смяротнага пакарання і забарона на забойства бадзяжных сабак ды катоў, дбанне пра экалогію, і здароўе нацыі. Напрыклад, для забеспячэння апошняга ён прапаноўвае забараніць вытворчасць пладова-ягаднага віна.

Алесь Міхалевіч: “Я лічу неабходным развіццё сеткі бараў, пабаў і недарагіх рэстаранаў, што павінна станоўча адбіцца на культуры ўжывання алкаголю. У дадзены момант, на жаль, найбольш папулярнымі напоямі з’яўляюцца пладова-ягадныя віны, вытворчасць якіх я прапаноўваю забараніць”.



Еўрарадыё пацікавілася, ці не баіцца ён такімі заявамі згубіць падтрымку электарату?

Алесь Міхалевіч:
“Тыя мужчыны, якія п’юць пладова-ягадныя віны, на вялікі жаль, да майго электарату, на які я прэтэндую, на сённяшні дзень не адносяцца. Даруйце, калі каго-небудзь з вас пакрыўдзіў”.

Была і яшчэ адна прапанова, якая здзівіла сваёй арыгінальнасцю: Міхалевіч прапанаваў падзяліць вобласці на 17 паветаў.

Алесь Міхалевіч: “Адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа патрэбная таму, што сённяшні падзел на вобласці не адпавядае, ані гістарычнаму, ані эканамічнаму падзелу. Ніхто не патлумачыць, чаму Астравец альбо Смаргонь павінны быць у Гродзенскай вобласці, калі да Мінска яны ў два разы бліжэй, чым да Гродна”.

Новымі цэнтрамі Міхалевіч прапануе зрабіць Брэст, Пінск, Мазыр, Гомель, Гродна, Баранавічы, Слуцк, Бабруйск, Ліду, Маладзечна, Барысаў, Магілёў, Крычаў, Глыбокае, Полацк, Віцебск і Оршу.

Гаварыў Міхалевіч пра неабходнасць свабоды і незалежнасці СМІ, продаж дзяржаўных газет, падтрымку айчыннай культуры, пра захаванне беларускай мовы. Праўда, рабіў усё гэта па-руску.



Выслухаўшы тэзісы выбарчай праграмы, цалкам яна змяшчаецца на 100 старонках, журналісты пацікавіліся галоўным – якім чынам Міхалевіч збіраецца перамагаць. І з кім з апазіцыі сябраваць.

Алесь Міхалевіч: “Задзяўбло мяне пытанне: “Як вы ставіцеся да адзінага кандыдата, да працэсаў выбараў адзінага кандыдата?” Я не бачу магчымасцяў і сэнсу дамаўляцца паміж кандыдатамі, бо гэта не прыносіць нічога новага. Першым крокам да зменаў павінна стаць электаральная перамога”.

Вось толькі як ён будзе адстойваць вынікі сваёй магчымай электаральнай перамогі, калі Цэнтрвыбаркам падлічыць іх “па-свойму”, не патлумачыў. Прынамсі, плошчай не пагражаў. У той жа час, прызнаўся, што паўтору ў дачыненні да сябе таго, што здарылася з кампаніяй “Гавары праўду!” не баіцца. І пахваліўся, што подпісы за яго будзе збіраць каманда з некалькіх тысяч чалавек.





Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі