На адкрыцці TNT Ангус Янг рызыкаваў разбіць галаву (Фота, відэа)
Як і абяцалі, новы рок-клуб адкрыўся з "помпай", а для "сваіх" яшчэ і з рарытэтнымі аўто!
У цэнтры Мінска адкрыўся новы рок-клуб TNT! У пятніцу ад 19 гадзіны на скрыжаванні вуліц Камуністычная-Рэвалюцыйная стаяў чырвоны (шкада, што не ружовы) кадылак, у якім музыка Уладзімір Эйсмант у ролі Элвіса Прэслі заклікаў народ у клуб. Песні рок-н-рольнага караля сабралі некалькі соцень аматараў жывога гітарнага гуку, якія адразу ж пачалі крэатывіць, размалёўваючы асфальт перад клубам крэйдай.
Прысутныя самастойна размалявалі тратуары перад TNT назвамі сусветнавядомых гуртоў
Сэт Элвіса плаўна перарос у вулічны выступ Drum Ecstasy, падчас якога на даху будынку TNT з'явіўся Ангус Янг з гітарай наперавес і пачаў падыгрываць беларускім драмерам. Паступова гітарыст AC/DC пачаў спускацца з даху на балкон. Вось толькі, беднага, яго так круціла ўвесь час, што ён некалькі разоў рызыкаваў разбіць сабе галаву ці аб сцяну ці аб балконныя парэнчы. Але ўсё абыйшлося і, адчуўшы цвёрды бетон пад нагамі, музыка разбіў гітару і знік.
Заклікаў народ да клубу Уладзімір Эйсмант у ролі Элвіса Прэслі
Само адкрыццё клуба, а потым і частка "ўнутранай" вечарыны праходзіла пад рытмы Drum Extasy
"Рок-н-рол заўсёды жыў у гэтым горадзе, ён жыў у вашых сэрцах, — з'явіўся на балконе гаспадар клуба Валеры Шумскі. — А зараз рок-н-рол атрымаў свой дом! Запрашаем вас у дом рок-н-ролу!"
Натоўп завішчаў і рынуўся ў памяшканне! Праўда, як высветлілася, спачатку ўсярэдзіну запускалі толькі запрошаных V.I.P.'аў, астатнім жа прапанавалі пачакаць на вуліцы, пакуль вызваляцца месцы. Не прадбачылі арганізатары такой цікавасці ад мінчукоў, а таму і не былі гатовыя прыняць адразу ўсіх.
Гаспадары клуба былі ў шоку ад колькасці жадаючых паглядзець на новае рок-месца
Дырэктарка TNT абяцае, што кошты будуць даступныя для ўсіх
"Мы будзем падтрымліваць стыль і імідж нашага клубу, — яшчэ на ўваходзе паабяцала Еўрарадыё дырэктар TNT Святлана.— Гэта не проста клуб, гэта не проста нейкая забава, гэта музей, гэта гісторыя! Рок-культура — гэта незалежнасць і свабода, і мы будзем рабіць усё, каб наш кліент застаўся ў нас і каб да нас прыходзілі новыя кліенты і таксама заставаліся".
Праўда, кошты на ежу ды алкаголь нельга назваць даступнымі для сярэдняга класу — гістарычна асноўных аматараў року. Да прыкладу, разліўное піва каштуе ад 30 тысяч, гарэлка — ад 12 тысяч, гарачыя стравы — каля 100 тысяч. Але калі параўноўваць цэны з расійскім філіялам сусветнай сеткі рэстаранаў Hard Rock Cafe, то ў беларускай рок-меке ўсё танней у два разы. Аднак Hard Rock Cafe дастаткова элітнае месца, прычым яно менавіта так і пазіцыянуецца. Што будзе з коштамі ў TNT далей, невядома, але абяцаюць, што расці яны не будуць. А пакуль, на адкрыцці ўвагі на іх ніхто не звяртаў.
Праўда, пакуль іх нельга назваць даступнымі для любога аматара року
Але наведвальнікі пілі ў асноўным "высакародныя напоі"
"Шыкоўна, вельмі ўтульна, мы ў сваёй талерцы, тут свае людзі, усё па-рокаваму, — Еўрарадыё прайшлося амаль па ўсіх століках, каб запытацца пра ўражанні ад клуба. — Вельмі прыемна, што з'явілася ў нашым горадзе месца, дзе людзям майго ўзросту можна адтапырыцца на славу. Тут жа побач шмат музеяў, галерэй, і думаю, што з цягам часу гэтае месца стане адным з улюбёных у мінчукоў".
Што да "кусачасці" коштаў, то большасць наведвальнікаў у гэты дзень нават не пажадала звяртаць на іх увагу: "Ведаеце, сёння такі святочны дзень, што абсалютна шчыра прызнаюся: я дрэнна памятаю, што заказала і колькі каштуе! Гэта шчыра".
А вось на пытанне Еўрарадыё наконт пастаяннай наведвальнасці новага рок-клубу ўсе хорам адказвалі, што залежыць гэта выключна ад выступоўцаў.
Гук у клубе выдатны, адразу бачна, што над акустыкай працавалі прафесіяналы
The Silicon адыгралі сэт і прызналіся Еўрарадыё, што не супраць стаць рэзідэнтамі клуба
"Мы вырашылі даць дарогу маладым камандам, якія выконваюць аўтарскую музыку, — адразу ж адсякае пытанне пра кавер-бэнды арт-дырэктар TNT Наталля Давыдава. — Гэта будуць гурты розных напрамкаў: ад ракабілі, класічнага року і да хэві-металу. Насамрэч мы хочам, каб гэтае месца стала месцам, дзе адкрываюцца новыя таленты. Нашая "Алея зорак", якую мы зрабілі перад клубам, думаю, стане месцам, дзе маладыя гурты, якія толькі пачынаюць творчы шлях, будуць знаходзіць свае імёны".
Менавіта таму знакамітыя прадстаўнікі беларускага року на адкрыцці TNT былі толькі ў якасці гасцей, а выступалі на ім маладыя The Silicon, Pale Red, Straightroads ды 2Morrow2Late. Паводле слоў Наталлі, пакуль канцэрты ў клубе будуць праходзіць толькі па пятніцах і суботах, бо зараз пастаянна вядуцца кастынгі гуртоў. Плюс у планах праводзіць пастаянныя "анплагды" ды адукацыйна-забаўляльныя вечары.
Атмасфера на адкрыцці была сапраўды вельмі рок-н-рольнай! Кожны рабіў, што хоча, незалежна ад узросту
Уладзімір Цэслер абсалютна не шкадуе, што прыклаў руку да лагатыпу TNT, але сумняецца, што яму хопіць часу, каб стаць сталым наведвальнікам клубу (злева Алег Хаменка, у цэнтры Цэслер, справа Ігар Варашкевіч)
Дарэчы, яшчэ адной разыначкай вечара стала "Гаражная вечарына" для V.I.P. У суседнім будынку ў падземным гаражы запрошаным гасцям прапанавалі пафоткацца з рарытэтным машынамі абсалютна розных часоў. Ці можна будзе з цягам часу наведваць гэты аўтамабільны музей простым аматарам року, засталося ў тайне, але як дадатак да агульнага антуражу клуба гэта было б безумоўным плюсам...
у
У 21:30 ВІПаў запрасілі на "Гаражную вечарыну" ў суседнім будынку, дзе стаяла каля 15 рарытэтных машын (усе на хаду)
Алег Хаменка (Палац) звышэфектна адрэагаваў на вітальныя словы гаспадара імпрэзы:)
Вераніка Круглова прыйшла пазнаёміцца з новым рок-клубам пасля сольнага выступу ў "Графіці"
Павел Юрцэвіч (студыя "ОСМОС") абяцае стаць сталым наведвальнікам клубу, тым больш праца побач!