Новы офіс БНФ размясціўся пад шыльдай “Стаматалогія” (фота)
Таксама партыя змяніла суседзяў: замест Акадэміі міліцыі і гарэлачнай крамы фронтаўцы пераехалі да польскага консульства і салона жаночай бялізны.
Новы офіс Партыі БНФ месціцца па адрасе Крапоткіна, 93А. Побач – фірмовая крама бялізны “Мілавіца” і польскае консульства. Будынак знаходзіцца хоць і ў цэнтры горада, але далекавата ад метро і праспекта Незалежнасці. Уваход – пад шыльдай "Стаматалогія" (шыльды БНФ на самім будынку мы не знайшлі).
Другая нязручнасць – прыгожая, але высокая лесвіца. Пешшу ісці прыйдзецца ажно на 4-ты паверх. Ліфта ў будынку няма.
Дзверы новай Управы знаходзяцца на чацвёртым паверсе злева. Побач – мужчынская прыбіральня, агульная для офісаў усяго паверху.
Старыя, ужо легендарныя дзверы з Машэрава, 8 (а ў мінулыя гады - Варвашэні, 8) стаяць ля сцяны як дарагі сэрцу экспанат. Гэтая частка офіса вельмі нагадвае ранейшую ўправу – стойка для супрацоўніцы, “Наша Ніва” з “Народнай воляй” на продаж, стэнд з беларускімі кнігамі. Ну і знаёмы фікус пераехаў разам з партыяй.
Зала для пасяджэнняў уяўляе сабой мансарду са скошанай столлю і вокнамі ў ёй. Тут досыць прасторна, але месца не больш, чым у мінулым памяшканні. Крэслы партыйцы пакінулі старыя.
Першую прэс-канферэнцыю ў новым офісе БНФ правялі... лідары БХД. Злева направа: Дзяніс Садоўскі, спадарыня Марына, маці палітвязня Эдуарда Лобава, Віталь Рымашэўскі.
Лідару Партыі Аляксею Янукевічу адвялі невялікі прахадны пакойчык. Ён пакуль зусім неабжыты, ды і самога Аляксея на месцы мы не заспелі. "Каб усе маглі бачыць, чым ён займаецца", – паўжартам патлумачылі фронтаўцы.
Яшчэ адзін пакой для сакратарыяту Управы. Тут будуць адбывацца закрытыя пасяджэнні.
Адзначым, што афіцыйнае адкрыццё новага офісу Партыі БНФ адбудзецца 25 жніўня.