Някляеў: У кампаніі няма ніводнага палітычнага расійскага рубля

Пачаў сняданак Някляеў з “нечаканай” заявы.

Уладзімір Някляеў:
“Запрасілі мы вас для таго, каб паведаміць “нечаканую” навіну, якая палягае ў тым, што я, лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў, прыняў рашэнне ўзяць удзел у прэзідэнцкай кампаніі. Прынятае таксама рашэнне ў гэтай кампаніі перамагчы і стаць прэзідэнтам”.

Паглядзеўшы на рэакцыю журналістаў, ён узяў у рукі фотаапарат і паабяцаў, што потым прагледзіць здымкі і ў пабачыць на твары ўпэўненасць у яго перамозе, таго і возьмуць у журналісцкі пул прэзідэнта Някляева. Усім астатнім пасля 19 снежня прадрок працу ў пуле апазіцыйнага лідара Аляксандра Лукашэнкі. Якому, адначасова, даў некалькі парад.

Уладзімір Някляеў: “Калі б зараз быў у сітуацыі Аляксандра Рыгоравіча, я б элегантна прайграў гэтыя выбары з розніцай у нейкі адсотак. Ну, каму б я прайграў? Нейкаму паэту! Усе б зразумелі, што прайграў я наўмысна, каб сысці ў апазіцыю, паглядзець, што яны зробяць у гэтай эканоміцы, якую я ўсю заблытаў, у палітыцы заблытанай. І чакаць. Бо рэформы будуць праводзіцца ў неспрыяльных умовах. Можа, нават пры пагаршэнні жыцця. І ў адпаведны момант я б уехаў назад на белым кані і сказаў: “Глядзіце! Я вярнуўся!”



Паводле словаў Някляева, у палітыку ён вырашыў пайсці, таму што “яму баліць за тое, што адбываецца з нашай мовай, культурай і народам”. А ў выпадку перамогі паабяцаў ператварыць Беларусь у парламенцка-прэзідэнцкую краіну. У якасці прыкладу прывёў досвед Вялікага княства Літоўскага.

Уладзімір Някляеў: “У нас было Вялікае княства Літоўскае, дзе парламенцкі досвед існаваў. І мы яго захавалі. Хай мне будуць казаць, што гэта не нашая гісторыя, не наш досвед — я нарадзіўся ў цэнтры гэтай гісторыі, у цэнтры гэтага досведу, каля руін Крэўскага замка, дзе была падпісаная Крэўская ўнія. Першая ўнія ў Еўропе — у 1385 годзе. У нас ёсць гэты досвед, ён генетычна ў нас захаваўся. І мы можам яго развіваць”.



Някляеў не стаў дакладна агучваць сваю прэзідэнцкую праграму. Сказаў толькі, што яна мае сацыяльную скіраванасць. Што тычыцца эканомікі, то заявіў, што яе неабходна мадэрнізаваць. І ўхіл рабіць на развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Паабяцаў навесці парадак і ў “заблытанай” знешняй палітыцы нашай дзяржавы — пры гэтым заявіўшы, што хоць і станоўча ставіцца да Расіі, у яго кампаніі няма ніводнага расійскага рубля.

Уладзімір Някляеў: “На сённяшні дзень кампанія “Гавары праўду!”, якую падазраюць невядома ў чым, не мае ніводнага расійскага рубля. Ва ўсякім разе — ніводнага палітычнага расійскага рубля. Я не меў ніводнай сустрэчы на тым палітычным узроўні, з якой можна было б меркаваць пра мае адносіны з Крамлём. А тым больш непасрэдна з Мядзведзевым ці Пуціным, як у гэтым мяне падазраюць”.



Усе сродкі кампаніі, кажа Някляеў, прыйшлі да яго ад сяброў, якія мелі ў Беларусі добры бізнес, але вымушаныя былі з’ехаць з краіны. Еўрарадыё пацікавілася, як паэт будзе вяртаць укладзеныя ў яго грошы. Але той упэўніў, што гэта такія сябры, якія патрабаваць вяртання “пазыкі” не будуць.

Рэгістраваць сваю ініцыятыўную групу Някляеў збіраецца 21 верасня. Паводле яго словаў, у склад яе уводзе ад 1 да 1,5 тысяч чалавек. Сабраць мільён подпісаў ён не плануе, але 150 тысяч — гарантуе. Пры гэтым Някляеў кажа, што не спыняе спроб дамовіцца з іншымі дэмакратычнымі сіламі і “выйсці” на адзінага. Кажа, што час для такой дамоўленасці яшчэ ёсць. І паабяцаў супрацоўнічаць нават з тымі, хто не набярэ 100 тысяч подпісаў.



Што тычыцца “плошчы”, то гэта крайні варыянт.

Уладзімір Някляеў: “Калі Лукашэнка правядзе выбары, наблізіўшы іх да дэмакратычных стандартаў, калі выбары будуць празрыстыя, калі будуць у камісіях нашыя прадстаўнікі, калі будзе назіранне — я сам не пайду на плошчу. Я буду ведаць, што выбары прайшлі так, як мне сказалі ўвечары 19 снежня. Калі ж гэтага не будзе, то плошча сама па сабе вырастае”.

Напрыканцы ён паскардзіўся, што даўно не выступаў па айчынным тэлебачанні, засумаваў па ім і вельмі разлічвае на тэледэбаты кандыдатаў, дзе спадзяецца на дуэль з Лукашэнкам.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі