Някляеў: Калі мы перастанем разбірацца, хто тут здраднік, а хто – не ?
Былыя вязні СІЗА КДБ гатовыя падпісацца пад кожным словам з ліста Уладзіміра Кобеца, апроч таго, што ўсе яны пагадзіліся супрацоўнічаць са спецсужбамі
Кіраўнік выбарчага штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Уладзімір Кобец напісаў ліст, у якім расказаў пра катаванні ў СІЗА КДБ, і прызнаўся ў тым, што, не вытрываўшы ціску, падпісаў дамову аб супрацоўніцтве са спецслужбамі. І дадаў, што інакш як без такой згоды адтуль не мог выйсці ніхто.
Экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі заяўляе Еўрарадыё, што супрацоўнічаць з КДБ ён не пагаджаўся.
Віталь Рымашэўскі: “Не! Ніякай паперы я не падпісваў. Усё, што я падпісваў, — гэта паперы аб неразгалошванні інфармацыі. Я хацеў выйсці на свабоду, я ведаў, чаго я выходжу, і я за кожны дзень, пражыты там, і кожны месяц пасля вызвалення з СІЗА КДБ магу несці адказнасць перад сваім сумленнем і перад людзьмі”.
Паводле словаў Рымашэўскага, ён не бачыць у заяве Кобеца нічога зневажальнага для сябе — ніякага ценю на яго рэпутацыю заява былога кіраўніка выбарчага штаба Саннікава не кідае. А вось карысць, кажа, ад яе ёсць — людзі будуць больш ведаць пра тое, што адбываецца за кратамі камер дзяржбяспекі. Хоць і не выключае, што словы пра немагчымасць выйсця на свабоду без падпісання згоды на супрацоўніцтва могуць у чарговы раз пасварыць апазіцыю.
Ні на якое супрацоўніцтва з КДБ не згаджаўся і экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў. Кажа, далёка не ўсе выходзілі з СІЗА КДБ, падпісаўшы такія паперы. За такой заявай Кобеца палітык бачыць жаданне таго зняць з сябе частку віны. Але, кажа, не варта яму было рабіць такое прызнанне менавіта цяпер — калі не рашыўся раней, то не трэба было і цяпер.
Уладзімір Някляеў: “І так у гэтай апазіцыі ўсё не лепшым чынам! Я ўсё чакаю, калі мы перастанем разбірацца, хто тут здраднік, а хто — не здраднік, хто герой, а хто — большы герой. Наогул, я супраць таго, каб рабіць гэта сёння. Перад акцыямі, якіх мы чакаем, тым жа Народным сходам, гэта не ў час зробленая заява спадаром Кобецам”.
І прызнаецца, што такія заявы мімаволі нараджаюць падазрэнні адносна бліжэйшых паплечнікаў.
Уладзімір Някляеў: “Тады ўзнікае пытанне: калі Кобец падпісаў, то чаго было Дзмітрыеву не падпісаць? Гэта таксама не найлепшае ад зробленага. У нас ёсць складанасці ў працы з-за таго, што Дзмітрыева настойліва робяць здраднікам. Хоць ён, па сутнасці, казаў пра тое, што нанесла шкоду толькі кампаніі “Гавары праўду!” і толькі Някляеву. І гэта найменшае, што ён мог у тых умовах сказаць, хоць ад яго патрабавалі большага. І я асабіста веру людзям, з якімі працую”.
Нічога, акрамя ліста на імя Лукашэнкі, не пісаў і не падпісваў і паплечнік Някляева Сяргей Вазняк. Нават, кажа, не прапаноўвалі гэта зрабіць. Хаця тое, што да кожнага з вязняў гэбісты шукалі падыход, пацвярджае.
Сяргей Вазняк: “Мне прапаноўвалі пісаць ліст на імя Лукашэнкі — і яго пісаў. Толькі ён быў не пакаянны, хоць ад мяне там пакаяннага чакалі. Уладзімір гэтай адной фразай кінуў цень на ўсіх людзей. Ягоная праўда, што там да кожнага шукалі індывідуальны падыход. У кожнага знаходзілі слабыя месцы: на кагосьці можна было націснуць праз сям’ю, на кагосьці, можа, кампрамат быў — працавалі прафесійна. Але казаць, што калі ты не падпішаш паперу аб добраахвотным супрацоўніцтве — то інакш ты б не выйшаў з СІЗА КДБ, то я гэта адмаўляю. Бо мне нават такую паперу не прапаноўвалі падпісваць”.
Не сядзеў у СІЗА, але быў на допытах у КДБ і экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў. Таму, тэарэтычна, завербаваць, зыходзячы са слоў Кобеца, маглі і яго. Але сам палітык гэта адмаўляе. Хоць і прызнае, што схіліць да супрацоўніцтва яго спрабавалі. Праўда, крыху раней.
Рыгор Кастусёў: “Яшчэ на пачатку 1990-х гадоў мне такія прапановы былі. Але з тых часоў мне такіх прапаноў не паступала і да сённяшняга дня. І сёння не было! Я не падпісваў ні прашэнне аб памілаванні, не падпісваў ніякіх заяў на супрацоўніцтва, і я не даваў ніякіх амаральных паказанняў ні ў судзе, ні на допытах супраць іншых кандыдатаў і ўдзельнікаў Плошчы”.
А ў якасці адказу на словы былога кіраўніка выбарчага штаба Саннікава сказаў проста: “Не трэба мераць усіх на свой капыл”.
Фота: http://photo.bymedia.net/