Падчас “хапуна” ў Мінску затрымалі нават брата ўдзельніцы парада

"Нам сказалі, што нас не выпусцяць. Мы былі з вянкамі, ішлі проста, махалі рукой. Метраў 300 ішлі, нам сказалі, што вярнуцца нельга, рэчы мы ніяк не забярэм, трэба з сабой мець дакумент. А пашпарта ў мяне з сабой не было".


Таму рэчы дзяўчына аддала брату, які прыйшоў паглядзець на парад. Але не прайшло і некалькіх хвілінаў, як хлопца затрымалі.


"Парасон і фотаапарат аддала брату, засталася кофта. Дождж ішоў, было холадна. Я яму пазваніла, сказала, што хутка кофту прынясу. Прыходжу, а яго няма, пачала званіць – недаступны. У мяне ёсць даведка, што я ўдзельнічала ў парадзе, магу прынесці форму, патэлефанаваць адказным, яны пацвердзяць".


Але ў судзе Фрунзенскага раёна не давалі ніякай інфармацыі. На 19 гадзін 4 ліпеня было вядома толькі пра 6 прысудаў (10-15 сутак і 1 штраф), хаця прывезлі ў суд 21 чалавека з каля 50 затрыманых. Праваабаронцы мяркуюць, што астатніх могуць асудзіць 5 ліпеня.


Усяго, па звестках праваабаронцаў, склалі пратаколы, прыблізна, на 140 чалавек. Але да судоў давезлі не ўсіх. Напрыклад, у Маскоўскі і Фрунзенскі суды прывезлі толькі палову з тых, хто апынуўся ў міліцыі. Суды праходзілі ў закрытым рэжыме, на працэсы нікога не пускалі. У некаторых судах увогуле доўгі час не давалі ніякай інфармацыі.


"Я тут з 10-й раніцы. У судзе ў канцылярыі сказалі, што ім невядома нічога, пра тое, што сёння некага павінны прывезці. Калі прывязуць, то яны скажуць. Таму я цяпер чакаю, калі прывязуць", - распавяла Еўрарадыё дзяўчына ў судзе Фрунзенскага раёна.


Сябра дзяўчыны затрымалі на парадзе, адразу пасля тэлефоннай размовы. Прычыну затрымання адмовіліся назваць і ў міліцыі, і на Акрэсціна. Калі 21 затрыманага прывезлі ў суд, яшчэ 2 гадзіны не было ніякай інфармацыі.


"Затрымалі майго сябра, мы з ім размаўлялі па тэлефоне. Ён пазваніў увечары з РУУС, сказаў, што як толькі са мной пагаварыў, яго затрымалі. Па якой прычыне, мне не вядома. Мы ездзілі у РУУС, яны адмовіліся сказаць, па якой прычыне затрымалі. Сказалі, што ўсё будзе вядома сёння. Я зараз званіла ў прыёмнік-размеркавальнік на Акрэсціна, мне сказалі, што ён там, разбіраюцца, не могуць сказаць, па якой прычыне затрымалі. Сказалі, што прывязуць сёння ў суд".


Толькі ў некаторых судах вывесілі спісы асуджаных. У Мінску давалі "суткі" ад 5 да 15, у рэгіёнах буйныя штрафы і таксама арышт. Усіх па адным артыкуле – дробнае хуліганства.

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі