Прафсаюз РЭП плануе Народны сход на 8 кастрычніка
Ужо надрукаваны "Зварот да суайчыннікаў". Пакуль прафсаюзы манітораць сітуацыю на месцах і гатовыя падтрымаць страйкі.
На пытанні адказаў старшыня Беларускага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.
Фядыніч: “Ініцыятыўная група надрукавала "Зварот да суайчыннікаў", дзе выказаныя нашыя патрабаванні. Гэты праект распаўсюдзім па ўсіх гарадах і вёсках, каб людзі, прачытаўшы іх, маглі дадаць свае патрабаванні, заўвагі. І такім чынам, 8 кастрычніка зрабіць сходы ў дазволеных уладай месцах. Правесці сходы, абмеркаваць гэтыя патрабаванні і такім чынам, каб гэтыя ўсеагульныя беларускія патрабаванні былі накіраваныя да кіраўніка дзяржавы. Чаму 8-га? 7-га кастрычніка адзначаецца ва ўсім свеце Міжнародны дзень барацьбы за годную працу, а 8-га ў нас субота, таму мы ў гонар гэтага дня і прапануем правесці ў пасёлках, гарадах і вёсках гэтыя сходы, дзе прад’явім нашыя патрабаванні кіраўніцтву”.
Еўрарадыё: А ці не доўга гэта чакаць – да кастрычніка? Можа наспеў час правесці не такія глабальныя сходы ў бліжэйшыя месяцы?
Фядыніч: “Мы, хто далучыўся да ініцыятыўнай групы, за два тыдні сфармуем аргкамітэт. Мы ведаем сітуацыю ў краіне, але ж мы да канца не вядзем маніторынг таго, што адбываецца па ўсіх гарадах. Адной з задач аргкамітэта і будзе весці такі маніторынг. Задача стаіць такая, што кожны далучаецца не як грамадзянін, а са сваімі структурамі, людзьмі. І сёння, калі будзе створаны аргкамітэт, мы маем магчымасць працаваць у 48 раённых цэнтрах, ва ўсіх абласных цэнтрах і ў Мінску. Мы не будзем сядзець, мы будзем працаваць з людзьмі, сустракацца. І калі патрабуе сітуацыя, калі гэтая тэмпература будзе вышэй, чым мы яе прагназуем, то, безумоўна, аргкамітэт павінны ўзяць на сябе такую выснову і быць разам з людзьмі, забяспечыць і медычную і юрыдычную дапамогу, каб гэта было ўсё па законах, каб не было ніякіх правакацыяў, каб мы не падставілі нашых працоўных. Але пакуль, цяпер, відавочна, што ў траўні, пачатку чэрвеня мы не бачым масавых пратэстаў, акрамя нейкіх лакальных забастовак ці незадаволенасці працоўных на сваіх рабочых месцах, як гэта было на “Трактарным заводзе” ці на бровары ў Рэчыцы”.
Еўрарадыё: Такіх незадавальненняў, як былі на “Трактарным заводзе”, пакуль няма на прадпрыемствах радыё-электроннай прамысловасці?
Фядыніч: “Іх пакуль няма не толькі на радыё-электроннай прамысловасці, іх пакуль няма і на іншых прадпрыемствах. Бо на сёння яшчэ ёсць менталітэт людзей, яшчэ не ўсе грошы яны, мабыць, патрацілі. Зараз ідзе скупка ўсяго, каб зберагчы гэты рубель, лічу гэта зусім няправільным, але людзі робяць тое, што яны робяць. Таму нам зараз трэба правесці вельмі вялікую працу па інфармаванні людзей, знайсці кантактных людзей. Мы павінны даць людзям кантакты, куды звярнуцца ў кожным абласным цэнтры, каб былі нашыя спецыялісты, каб мы маглі згуртаваць людзей і аб’яднаць агульныя інтарэсы ўсіх”.