Праваабаронцу Таццяну Равяку выклікаюць у КДБ
Пра гэта яна распавяла ў каментары Еўрарадыё.
На мабільнік праваабаронцы пазваніў схаваны абанент, прадставіўся супрацоўнікам КДБ капітанам Рубінавым і запрасіў на сустрэчу.
Равяка: "Сказалі, што выклікаюць мяне на сустрэчу. На гэта я адказала: любы мужчына можа мне пазваніць і казаць, што ён з КДБ. Але гэта не значыць, што я адразу пабягу на сустрэчу, паверу, і ўсё так лёгка атрымаецца. Мне сказалі, што тады мне прывязуць позву. Спыталі, ці я знаходжуся на "Вясне". Я сказала: так, я знаходжуся на офісе "Вясны", на працы. І мяне цікавіць, у якасці каго мяне выклікаюць і па якой справе. Мне сказалі, што я ўсё даведаюся, калі яны да мяне прыедуць".
У адказ праваабаронца паведаміла, што прыйдзе на сустрэчу са сваім адвакатам.
Равяка мяркуе, што выклік звязаны з яе праваабарончай дзейнасцю. Яна занепакоеная тым, што сілавыя структуры адсочваюць не толькі нумар яе мабільнага, але і месцазнаходжанне.
У позве, якую прывезлі супрацоўнікі КДБ, пазначана, што Равяку выклікаюць як асобу "абазнаную аб акалічнасцях, якія маюць значэнне для забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь".
Фота — svaboda.org