Продкам Купалы далі зямлю… Радзівілы! (фота)

Літаратурны музей Янкі Купалы ў Мінску рыхтуе новую экспазіцыю, яна мусіць адкрыцца для наведвальнікаў у жніўні. Адна з асноўных тэмаў — шляхетнасць паэта, яе страта і адстойванне родам Луцэвічаў. За савецкім часам пра гэта нельга было і заікацца, Купалу выстаўлялі выключна як сялянскага сына. Аднак вонкавы выгляд, манеры і эрудыцыя паэта выдавала адваротнае.

“Ён паводле вонкавага выгляду быў шляхцюком, ніякім селянінам ён не быў! – распавядае Глафіра Кушаль, загадчык аддзела навукова-экспазіцыйнай работы Купалаўскага музея. — Але ж тады была савецкая прапаганда. Я прыйшла працаваць у музей у 24 гады — і таксама казала, што “Янка Купала з сялянскай сям’і” і гэтак далей. Але паводле манераў, паводзінаў — канешне, гэта быў не сялянскі сын”.

Да сялянскага сына Купала ніяк не падобны

 

Цяпер час іншы — і шляхетнасць Купалы (Івана Дамінікавіча Луцэвіча) можна не хаваць, пра гэта цяпер распавядаюць наведвальнікам.

 

Глафіра Кушаль: “Канешне, гаворым, распавядаем! Гаворым пра Акопы — фальварак на Лагойшчыне, дзе яны арандавалі зямлю. Многа зямлі было, хутар вялікі быў — і іх раскулачылі, хутар знеслі. Раней гэты акопскі перыяд жыцця Купалы замоўчваўся — а гэта такі плённы перыяд: напісаны ўсе п’есы, самыя лепшыя вершы! Саветы звезлі ўсё ў цэнтр калгаса, а сясцёр Купалы — на цягнік і павезлі ў накірунку Поўначы. Але Купала з Коласам дапамаглі — сясцёр знялі з цягніка недзе ў раёне Барысава, яны засталіся нерэпрэсаваныя. А маму ён яшчэ раней да сябе забраў у Мінск”.

Глафіра Васілеўна распавядае, што дзеля таго, каб аднавіць радавод Купалы, супрацоўнікам музея давялося пільна папрацаваць у архівах Мінска і Гродна. Пакуль што ўдалося прасачыць род Луцэвічаў да 1690 года — але, магчыма, гэта не апошняе адкрыццё.

 

Глафіра Кушаль: “Мы ведаем самага першага продка — Станіслава Луцэвіча. Гэта XVII стагоддзе, 1690 год, дзесьці так. Ён валодаў вёскай Куклёўшчына, маленькімі вёскамі Слабодка і Цярпілаўка — гэта сённяшні Стаўбцоўскі раён”.

То бок, продкі Купалы валодалі землямі, дзе нарадзіўся пасля Якуб Колас! А далі ім гэтыя землі не хто іншыя як Радзівілы. Вось гэта паварот! Дарэчы, мяркуючы па датах, землі Луцэвічы атрымалі ад Караля Станіслава Радзівіла — вялікага канцлера літоўскага, бацькі Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі.

Караль Станіслаў Радзівіл

 

Глафіра Кушаль: “Уладанні гэтага Станіслава пачалі дзяліцца дзецям, потым унукам… Луцэвічы ўвогуле былі запісаныя як дваране. Ім калісьці за добрую службу яшчэ Радзівілы далі шляхецкае званне. У іх былі прывілеі князя Радзівіла на зямлю 1692 года. Князь Радзівіл даваў прывілеі многім людзям, не толькі Луцэвічам — але сярод іх былі і Луцэвічы”.

Калі тутэйшыя землі Рэчы Паспалітай канчаткова адышлі да Расійскай імперыі, новых гаспадароў стала раздражняць колькасць беларускай шляхты — ажно 12%! У той час як у Расіі дваран быў усяго 1%. Таму беларускую шляхту вырашылі “перагледзець” — і прымусілі даказваць сваё шляхецтва. У Луцэвічаў, як на злосць, не было на руках таго самага прывілея ад Радзівілаў.

Янка Купала (злева) замест колішняга багацця продкаў атрымаў ад савецкай улады вось такі аўтамабіль

Глафіра Кушаль: “І калі пачаўся разгляд гэтай шляхты, дзед Янкі Купалы Ануфры быў хадайнікам ад роду Луцэвічаў па гэтаму доказу шляхетнага паходжання. Патраціў усе грошы, усё сваё здароўе і імператару пісаў, і дзе толькі ні разбіралі… Так і не змог даказаць. І Луцэвічы, лінія Янкі Купалы, былі запісаныя ў “мінскія грамадзяне”. А потым ужо гэтую праслойку ліквідавалі і яны былі пераведзеныя ў “мінскія мяшчане”. І вось гэты таўшчэзны том, які захоўваецца ў архіве на Крапоткіна, там якраз мы і бачым вось гэтыя звесткі пра Луцэвічаў: там запісаны дзед Янкі Купалы, яго ўсе сыны, дочкі, і ёсць запіс аб нараджэнні нашага Янкі Купалы”.

Сам Купала, хоць і не жыў тады ў Мінску, пашпарт атрымаў з “нешляхетнай фармулёўкай”.

Глафіра Кушаль: “У 1907 годзе Янка Купала атрымаў пашпарт (ён у нас экспануецца) як “мешчанін горада Мінска”, выдадзены Мінскай мяшчанскай управай”.

Чаму ж дзед Купалы так адчайна хацеў даказаць сваё шляхецтва? Выглядае, што не толькі каб пацешыць уласную годнасць.

Глафіра Кушаль: “Разумееце, “мінскім грамадзянам” ужо трэба было падаткі плаціць… Зусім іншае становішча было ў дваран і проста сялян ці грамадзян. А яны ўжо ў той час былі проста беззямельныя сяляне, арандатары. Род Луцэвічаў збяднеў, яны драбніліся-драбніліся, і ўрэшце ў іх не стала зямлі сваёй”.

Дарэчы, “шляхцюк” Купала і жонку сабе выбраў няпростую — сваячку мастака Клода Манэ! Маці Уладзіславы Станкевіч Эмілія Манэ захавала гэтае прозвішча да смерці.

Янка Купала з жонкай Уладзіславай

Глафіра Кушаль: “Маці Эмілія Манэ з роду французскага мастака-імпрэсіяніста Клода Манэ. Калісьці прыехала да нас на Валожыншчыну выкладаць французскую мову з Парыжу. Была вельмі адукаванай жанчынай. Прыехала ў Вішнева, там пазнаёмілася з Францам Станкевічам. Ён працаваў лесніком, быў чалавекам дэмакратычных поглядаў. Яны ажаніліся, і нарадзілася ў іх Уладзіслава і яшчэ Вінцэнт”.

Эмілія Манэ

Між іншым, пабыць на магіле Эміліі Манэ і пабачыць яе шляхетны здымак можа кожны: яна спачывае на Вайсковых могілках непадалёк Плошчы Перамогі — непадалёк Купалы і ягонай маці Бянігны Іванаўны.

Глафіра Кушаль: “На Вайсковых могілках непадалёк храма, калі ісці на Берасцянскую вуліцу і налева павярнуць. Па-французску напісана. Яна памерла ў 1926 годзе. Жыла тут разам з Янкам Купалам і Уладзіславай. Нават дапамагала яму перакладаць “Інтэрнацыянал” з французскай мовы”.

Лёс распарадзіўся так, што прыгажуня Уладзя засталася ўдавой, а потым узначаліла музей свайго забітага мужа



Глафіра Кушаль праз Еўрарадыё запрашае ўсіх у жніўні наведаць новую экспазіцыю музея і анансуе некаторыя тэхнічныя навінкі.

 

Глафіра Кушаль: “У нас у першай зале ў фармаце 3D будзе паказвацца абрад Купалле, бо Янка Купала нарадзіўся на Купалле. У акулярах будуць наведвальнікі глядзець”.



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі