“Прыязджаю ў вясковую краму, заходжу і пачынаю размаўляць з людзьмі”
Еўрарадыё пацікавілася, як і за што агітуюць кандыдаты ад улады.
“Белая Русь” сёлета выставіла ажно 70 кандыдатаў. У рэгістрацыі з іх адмовілі толькі аднаму. Нядрэнная статыстыка. У той жа час, сярод кандыдатаў ад апазіцыі колькасць забракаваных дасягае нават паловы. У такіх умовах апазіцыйныя кандыдаты не асабліва спадзяюцца патрапіць у парламент. У прагнозе, які мы самі склалі на 110 мандатаў, большасць прозвішчаў — кандыдаты ад уладаў.
Іх імёны малавядомыя, а самі яны не асабліва ахвотна размаўляюць з журналістамі. Аднак у грамадскім аб’яднанні “Белая Русь” пераконваюць, што вельмі актыўна агітуюць за сваіх кандыдатаў.
“Нашы члены і раённыя арганізацыі ўдзельнічаюць у пікетах, уваходзяць у склад ініцыятыўных груп, з іх ліку давераныя асобы. Мы дапамагаем арганізаваць сустрэчы, пікеты, і гэтак далей”.
Але не ўсе так званыя “кандыдаты ад улады” на выбарах прадстаўляюць “Белую Русь”. Кіраўнік Пружанскага райвыканкама Аляксандр Юркевіч (які акурат увайшоў у наш прагноз са 110 прозвішчаў) называе сябе звычайным беспартыйным. “Мне прапанавалі і я пагадзіўся”, тлумачыць сваю матывацыю пайсці ў дэпутаты кандыдат.
Юркевіча спыняю проста на трасе, калі ён едзе на чарговую сустрэчу з выбаршчыкамі. Спяшаецца, бо яшчэ трэба падрыхтавацца да запісу на тэлебачанні. Як і паложана па законе, чыноўнік узяў адпачынак, каб ездзіць па раёне і сустракацца з “працоўнымі калектывамі”. Аляксандру Юркевічу нават выбарчая праграма не асабліва патрэбная — людзі самі гавораць, што ім трэба.
“Ну вось, уявім, што прыязджаю ў вясковую краму, заходжу і пачынаю размаўляць з людзьмі. Яны адразу вызначаюць накірунак размовы, вось і ўсё. Тут ініцыятыва належыць не кандыдату, ініцыятыва належыць народу”.
Кандыдат Юркевіч даволі адкрыты. Расказвае, што людзей цікавяць збольшага надзённыя праблемы, накшталт старых дрэваў ля дарогі. А вось глабальнай палітыкай выбарцы не вельмі цікавяцца, кажа кандыдат.
“Пытанняў мноства. Пачынаючы ад жыллёва-камунальнай гаспадаркі, стану дарог, узроўню забяспечанасці гандлем і гэтак далей. Усе пытанні, якія тычацца жыцця чалавека. Іх жа вельмі шмат”.
Выбарчых фондаў кандыдату Юркевічу хапае толькі на друкаваную прадукцыю — улёткі, плакаты. Паліва для машыны на паездкі па акрузе — гэта ўжо з уласнай кішэні. Сёлета ЦВК акурат дазволіў кандыдатам ствараць фонды.
Кіраўнік Пружаншчыны не адзіны са спіса 110-ці, з кім спрабую пагаварыць. Але далёка не з кожным атрымліваецца скантактавацца. Старшыня Баранавіцкага райвыканкама Мікалай Язубец недасяжны. Яго калегі гавораць, што, верагодна, кандыдат у дэпутаты ўвогуле з’ехаў у адпачынак за межы краіны. Аляксандр Сцяцко, які пакуль кіруе Баранавіцкай цэнтральнай паліклінікай, спасылаецца на вялікую занятасць падчас кампаніі. Верагодна, выбарчая праграма урача — гэта вялікая таямніца.
“Пытанняў мноства. Пачынаючы ад жыллёва-камунальнай гаспадаркі, стану дарог, узроўню забяспечанасці гандлем і гэтак далей. Усе пытанні, якія тычацца жыцця чалавека. Іх жа вельмі шмат”.