Рэканструкцыя Купалаўскага знутры і зверху (фота+відэа)
Карэспандэнт Еўрарадыё апрануў каску і дзеля экскурсіі па будоўлі залез у падвалы па будаўнічых рыштаваннях і падняўся на дах па прыстаўной лесвіцы.
З вуліцы старая частка будынка Купалаўскага тэатра толькі змяншаецца. Еўрарадыё вырашыла паглядзець, што насамрэч адбываецца, і трапіла на будаўнічую пляцоўку.
"Мы апярэджваем графік на 2 тыдні па новай частцы. А па старой адстаем на паўтара, таму што праекціроўшчыкі не даюць праекціроўкі і каштарысы. Новая будуецца на месцы знесенай, старая толькі ўнутры. Там будзе ўзмацненне, будуць ставіць металічныя абоймы, каб трэшчыны не ішлі па будынку", — распавядае майстар па старой частцы будынка.
На пляцоўцы заўважаем цікавую машыну — падобную на маленькі танк. Гэта спецыяльны бур, ён робіць свідравіну і ў яе залівае бетон — так у зямлі адразу атрымоўваецца паля. Рабіць звычайным метадам, убіваць палі ў зямлю, нельга, каб не шумець. Суседзі ў будоўлі вельмі сур'ёзныя. Калі ў Адміністрацыю едзе кіраўнік краіны, будоўлю спыняюць. А, бывае, спыняюць і на час сур’ёзных пасяджэнняў.
Пакідаем будаўнічую пляцоўку. На ўваходзе ў гістарычную частку будынка заўважаем шчыліны ў сцяне.
"Яны з’явіліся, калі зносілі старую частку. Нават паставілі маякі, каб сачыць за трэшчынамі. Вакол гэтай старой сцяны будуць рабіць бетонную абойму, каб сцены не пачалі развальвацца".
Старыя цагліны закрыюць слоем бетону, каб умацаваць сцены, іх не будзе відаць. Самі цагліны прыбіраць не будуць — нельга, бо гэта гістарычная частка. Але будаўнікі кажуць, што пабудаваць па-новаму нешта падобнае было б у 2 разы танней.
Памяшканне залы засталося ў старой частцы будынка. Там залілі новую падлогу, пад кожным крэслам зрабілі выхад для вентыляцыі.
"Вентыляцыя залы будзе ўнізе. Пад падлогай будзе вентыляцыйнае памяшканне. А не так, як звычайна яно робіцца пад столлю".
Разбіраюць і верхнія перакрыцці, замест іх будуць заліваць маналіт. Калі перакрыцці разбіралі на 3-м паверсе, там была вельмі цікавая кроквенная сістэма са старымі каванымі цвікамі.
А яны што зусім старыя былі? — пытаемся.
"Яны б пратрымаліся яшчэ гадоў 50".
А навошта тады мяняць?
"Потым давялося б мяняць. Таму вырашылі цяпер. Страха ўжо старая, ўся цячэ, таму яе таксама трэба мяняць. Але пакуль праекту няма".
На памяць фатаграфуем столь над залай, ... ў новым будынку будзе ўжо іншая.
Лезем на дах, каб паглядзець на страху. Хадзіць па ёй сапраўды страшнавата.
Нягледзячы на недаверлівы выгляд даха, усё ж рызыкуем прайсціся да краю. Адтуль адкрываецца від на будаўнічую пляцоўку, на месца, дзе раней была старая сцэна. Яе знеслі і цяпер тут заліваюць маналіт, будуюць новую. Сцэна будзе з рознымі ўзроўнямі, да яе падвядуць 3 ліфты для артыстаў і дэкарацый.
"Гэтую частку знеслі, каб пашыраць сцэну. Яна будзе сучасная, рознаўзроўневая. Розныя часткі можна будзе апускаць і падымаць. Кола будзе ў цэнтры і аркестравая яма таксама будзе апускацца і падымацца, як у лепшых тэатрах свету".
На будоўлі працуе шмат моладзі. Рабочыя — студэнты, якія праходзяць практыку, атрымоўваюць разрады. Майстры і прараб таксама маладыя. Тэрміны здачы пераглядалі ўжо 3 разы: з самага пачатку планавалі завяршыць у ліпені, потым перанеслі на верасень і нават хацелі рабіць прэм’еру, цяпер заканчэнне будаўніцтва плануюць на снежань.
Так выглядае будаўнічая пляцоўка з даху будынка
Будоўля сцэны — від з балкону
Журналіст Еўрарадыё спускаецца ў падзямелле Купалаўскага
А гэта шахта самага вялікага ліфта
Адзіная на будоўлі жанчына — кладзе цэглу
Такой металічнай абоймай узмацняюць сцены
Усё гэта таксама будуць узмацняць металам і бетонам
Журналістам кіраўнік будаўнічай кампаніі забараніў хадзіць па будоўлі без каскі — ад цэглы кажуць дакладна ўратуе.