Што такое “крызіс ліквіднасці”?

У пачатку кастрычніка курс долара бадзёра перакрочвае адзнаку ў 8600 рублёў. І хаця жабрачка, якая збірае міласціну побач з будынкам Нацбанка, упэўненая ў тым, што вышэй за 9 тысяч рублёў долар не скочыць, менавіта гэтая лічба пачынае гучаць у каментарах экспертаў.

Але атрымліваецца інакш: апошнімі днямі долар загадкава слабее. Аналітык Сяргей Чалы мяркуе, што гэта — справа рук Нацбанка. Але “рэгулятар” умацоўвае рубель не валютнымі інтэрвенцыямі. Чалы кажа, што Нацбанк “арганізаваў” на валютным рынку істотны недахоп рублёў:

“Крызіс ліквіднасці пачаўся ў другой дэкадзе верасня, калі з сістэмы некуды зніклі 10 трыльёнаў рублёў, якія хадзілі і не знаходзілі прызначэння. Ільвіная доля гэтых грошай пайшла на крэдытаванне, хутчэй за ўсё — крэдытаванне дзяржпраграм”.

Дапамагаюць Нацбанку стварыць крызіс ліквіднасці і самі камерцыйныя банкі!

“Яны ўвайшлі ў пазіцыю па валюце. То бок, яны набывалі валюту на біржы не толькі па заяўках кліентаў, але і для сябе”, — працягвае Сяргей Чалы.

Простымі словамі гэта называецца "гуляць супраць рубля". Ствараючы на біржы высокі попыт на долары, банкі разлічваюць, што амерыканская валюта неўзабаве падаражэе і яе можна будзе прадаць з прыбыткам. Але “абваліць” рубель не атрымалася: на мінулым тыдні камерцыйныя банкі ўжо гатовыя “пазычаць” рублі адно аднаму… пад 50%!

Рублі камерцыйным банкам мог бы прадаць Нацбанк. Але ён мэтанакіравана не робіць гэтага!

Сяргей Чалы“Груба кажучы, ён дае сігнал камерцыйным банкам. Маўляў, хлопцы! Рублёў у вас няма? Дык а ў чым праблема! Вы ж самі толькі што іх патрацілі на валюту, і сядзіце цяпер у ёй па вушы. Маімі ж уласнымі рублямі гуляеце супраць майго ж уласнага рубля. Хочаце рублёў? Прадавайце долары, якія ў вас ляжаць у доўгай пазіцыі”.

На думку эксперта партала infobank.by Кацярыны Смірновай, камерцыйныя банкі набывалі долары зусім не для таго, каб нашкодзіць Нацбанку і “наварыцца” на спекуляцыі. Вялікая доля іх бізнэсу — крэдытаванне прадпрыемстваў. Цягам апошняга года банкі выдавалі рублёвыя крэдыты пад стаўку рэфінансавання і вышэй, а гэта пачынаючы ад 30%. Валютны крэдыт можна было атрымаць у 2-3 разы танней.

“Вось і ўвесь расклад. Ці патрэбныя бізнэсу такія дарагія крэдыты ў рублях? Высветлілася, што не вельмі. Таму банкі былі вымушаныя прапаноўваць бізнэсу валютныя крэдыты, — аналізуе сітуацыю Кацярына Смірнова. — І нават кампаніі, якія не маюць валютнага прыбытку, бралі крэдыты ў валюце. Калі зараз паглядзець на крэдытныя партфелі банкаў — шмат у якіх ёсць перакосы ў валюце”.

Каб зрабіць рублёвыя крэдыты больш прывабнымі, некаторыя банкі пайшлі на рызыку. Яны пачалі выдаваць крэдыты пад працэнты, ніжэйшыя за стаўку рэфінансавання!

“Ёсць, а дакладней, быў прагноз, што стаўка рэфінансавання знізіцца да 22-24%. І вось, з’явіліся прапановы крэдытаў ніжэй за сённяшнюю стаўку рэфінансавання [30%. — Еўрарадыё]. Нешта накшталт 26%, у разліку на тое, што ў перспектыве яны ўсё роўна будуць станоўчыя”, — працягвае Сяргей Чалы.

Але 18 кастрычніка старшыня Нацбанка Надзея Ермакова заявіла, што стаўка рэфінансавання можа не толькі не знізіцца, але нават крыху вырасці! Гэта значыць, рублёвыя крэдыты бліжэйшым часам як мінімум не патаннеюць.

Фота: borzopisets.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі