Shuma і Біл Крэндэл раскрыюць амерыканцам сутнасць беларусаў
Сеанс беларускай шчырасці адбудзецца ў Вашынгтоне.
Shuma на чале з Русяй едзе ў Вашынгтон. Яе выступ адбудзецца 22 сакавіка ў вашынгтонскім арт-цэнтры Мансэрат Хаўз падчас прэзентацыі фотакнігі амерыканскага фатографа Біла Крэндэла “The Waiting Room”(“Зала чакання”). Кніга прадстаўляе сабой серыю дакументальных фота, якія Біл здымаў падчас сваіх вандровак у Беларусь пачынаючы з 2000 года. На думку Русі, кніга, як і музыка “Шумы”, здольная даць уяўленне замежнікам пра сучасную Беларусь.
Руся: “Я лічу, што Беларусь – гэта краіна адэкватных, класных чувакоў, у якіх проста цяпер такі драматычны гістарычны перыяд, цягам якога яны не могуць на 100 адсоткаў раскрыцца. І творча таксама. Ніякія мы не калгаснікі і не “паны сахі і касы” – гэта было шмат гадоў таму. І мне падаецца, калі з нашай класнай музыкай гэтыя цікавыя фота Біла Крэндэла спалучыць, будзе ўвогуле крута”.
Ідэя спалучыць фота Крэндэла і музыку “Шумы” належыць Андрэю Краўчанку – экс-удзельніку беларускага гурта Why Not, які зараз жыве ў ЗША. Паводле Андрэя, музыка “Шумы” “будуецца на глыбокіх беларускіх каранях, але ў той жа час, яна здольная пераадолець тэрытарыяльныя межы”. Для свайго выступу Shuma падрыхтавала 5 песень і невялікую прэзентацыю з фатаграфій, зробленых падчас этнаграфічных экспедыцый. Апроч “Шумы” прэзентацыю наведае беларуская мастачка Зоя Луцэвіч.
Фота: www.budzma.org