Сотня ліхтарыкаў залунала ў начным небе Брэста (фота)
Акцыя, арганізаваная праз сацыяльныя сеткі, сабрала тысячу чалавек.
Каля 1000 жыхароў Брэста сабраліся ўвечары на пляжы Вяслярнага каналу. Менавіта там была прызначана сустрэча "Ноч лятаючых ліхтароў", арганізаваная праз сацыяльныя сеткі. Роўна а 22-й гадзіне больш за сотню папяровых ліхтароў узняліся ў неба па накірунку на поўнач.
"Калі шчыра, я была ўпэўненая, што прыйдзе не больш за 100 чалавек, з якіх чалавек 30 — з ліхтарыкамі. Аднак, па падліках
відавочцаў, на наш флэшмоб прыйшло каля 1000 чалавек і ў неба запусцілі прыкладна 127 ліхтарыкаў", — падзялілася сваімі ўражаннямі Аксана, адна з арганізатараў мерапрыемства.
Таксама арганізатары хваляваліся, што праваахоўныя органы не дазволяць ім правесці мерапрыемства, якое не было ўзгоднена з гарадскімі ўладамі. Але, не гледзячы на значную колькасць прысутных, супрацоўнікаў міліцыі на пляжы заўважана не было.