"Справу Порш Каена" пачнуць разглядаць у судзе 11 лютага
Адкрыты працэс над кіроўцам, які збіў вучня каля будынка школы, працягнецца 12 лютага. Выступяць эксперты і сведкі (ОНЛАЙН з першага дня суда).
Разгляд нашумелай справы аб гібелі трэцякласніка мінскай школы нумар 23 пад коламі аўтамабіля абярнуўся адразу некалькімі нечаканасцямі. Аўтарам першай стаў сам кіроўца, які нечакана для ўсіх адмовіўся прызнаваць сваю віну. Нягледзячы на тое, што яна відавочная, расказвае класны кіраўнік загінуўшага Уладзя Груддзева.
“Я лічу, што вінаватага тут суд вызначыць. Але што віна гэтага кіроўцы ў парушэнні ПДР — відавочна. Ён заехаў на тэрыторыю школы. І здзейсніў наезд – лічу, што гэта яго віна”
Заява абвінавачанага была нечаканасцю і для пацярпелых – маці, бабулі і дзядулі хлопчыка. У перапынку іх адвакат паведаміла журналістам, што пацярпелыя пакуль не гатовыя вызначыць свае прэтэнзіі да кіроўцы і зробяць гэта бліжэй да канца суда.
Ён, хутчэй за ўсё, не за гарамі. Ужо ў першы дзень была выслуханая большасць сведкаў і зачытаныя матэрыялы справы.
Іншай нечаканасцю, што ўсплыла падчас працэсу, стала інфармацыя пра намаганні адміністрацыі школы нумар 23 усталяваць агароджу вакол тэрыторыі школы, альбо хаця б шлагбаума на ўездзе. Рабіліся гэтыя спробы задоўга да трагедыі. У гутарцы з карэспандэнтам Еўрарадыё настаўніца школы пацвярджае факты.
“На самой справе. Усё гэта далучана да справы. Усе ксеракопіі ёсць. Такіх зваротаў было не менш за пяць. Колькі дакладна – дырэктара школы трэба пытаць. Звароты былі ў розныя інстанцыі”.
Інстанцыямі, куды звяраліся настаўнікі, з’яўляецца ДАІ і Мінгарвыканкам. Першыя адмовілі ў сувязі з тым, што заезд на тэрыторыю і так быў абаронены дарожным знакам. Іншыя – у сувязі з тым, што “фінансаванне аб’екта закрыта”.
Працяг суда у аўторак 12 лютага. Паседжанне абяцае быць непарцяглым. Засталося апытаць эксперта па ДТЗ, прадстаўніка ДАІ і яшчэ некалькі відавочцаў здарэння
Анлайн з залі суда
16.00. Працэс прыпынены да раніцы 12 лютага.
15.00. Намесніца дырэктара школы 23 расказвае, што школа звярталася ў ДАИ з просьбай паставіць шлагбаўм на праездзе да школы. Аднак атрымала адмову. Маўляў, там быў знак, які забараняў праезд. Адпаведна, патрэбы ў шлагбаўме не было.
Агучваюцца матэрыялы справы. З іх вынікае, што кіраўніцтва школы неаднаразова звярталася да гарадскіх уладаў з просьбай усталяваць агароджу вакол тэрыторыі школы. Аднак атрымлівала адмову ў сувязі з "завяршэннем фінансавання праекта".
14.00. Працэс працягнуўся. Адвакат пацярпелага боку падаў хадайніцтва аб допыце намесніка дырэктара школы №23. Суддзя яго задаволіла. Пакуль намесніка дырэктара няма, пачынаецца агучванне матэрыялаў справы.
12.30. Абвешчаны перапынак да 14.10.
12.25. У судзе апыталі маці загінулага хлопчыка, яго дзядулю і бабулю.
12.05. Андрэй Забабура намаляваў схему, як ён рухаўся на аўтамабілі, ды каментуе яе.
Абвінавачаны: "На жаль, нiчога выправіць я не мог. Я сустрэўся з маці загінулага хлопчыка праз тыдзень. Следства не дазволіла зрабіць гэта раней... Аказаў фінансавую дапамогу ей. Збіраюся рабіць гэта і далей".
11.55. Пачаўся допыт абвінавачанага. Ён паведаміў, што правы кіроўцы мае ўжо 12 гадоў. Аўтамабіль, на якім ён прыехаў да школы ў той вечар, належыць кампаніі, у якой працуе абвінавачаны.
Абвінавачаны: “У той вечар я прыехаў дадому ўвечары. Трэба было адвезці сына на заняткі па каратэ. Секцыя знаходзіцца з тарца будынка школы №23… Тэрыторыя школы не абазначаная. Там віселі два знакі — “Праезд забаронены” і “Стаянка забароненая”. Я праехаў далей. Там паўсюль стаялі машыны. Я адвёў сына на секцыю, вярнуўся, развярнуўся і паехаў у кірунку вуліцы. Ехаў з невялікай хуткасцю — 18-20 км на гадзіну. Ля адной з машын заўважыў цень, які прамільгнуў. Удара не чуў і не адчуў таксама. Затармазіў. Калі выйшаў з машыны, то недалёка ад задняга кола заўважыў хлопчыка. Ён часткова знаходзіўся пад аўтамабілем…. Я выцягнуў яго, расшпіліў каўнерык… Прыбеглі людзі. Я пазваніў жонцы, коратка паразмаўляў з ёй. Затым пазваніў у міліцыю…
Тэрыторыя школы не была асветленая. Увесь бок дарогі быў застаўлены аўтамабілямі. Я не бачыў, што там гуляюць дзеці. Бачыў толькі дарослых бліжэй да школы на асветленай тэрыторыі”.
11.25. У судзе абвешчаны перапынак на 15 хвілін. Пасля яго пачнецца допыт абвінавачанага Андрэя Забабуры.
11.20. Трэці сведка па справе — Андрэй Ф. Гэта малады мужчына. У вечар трагедыі ён гуляў са сваімі дзецьмі вакол школы.
Сведка: “Я бачыў, што там ездзілі машыны. Не дазволіў сваёй дачцэ пайсці у тым кірунку. У адзін момант пачуў удар, а потым страшны крык “Не!”. Падбег туды. Убачыў, што адбылося. Ля хлопчыка стаяў мужчына… Абвінавачаны ў той момант, калі мы падбеглі, стаяў і глядзеў на дзіцё. Я не магу дакладна сказаць, што рабіў абвінавачаны, мы глядзелі на хлопчыка. Спрабавалі яму дапамагчы… Яшчэ адзін мужчына спрабаваў рабіць дзіцёнку штучнае дыханне… Абвінавачаны ўвесь час плакаў, крычаў “Чаму ўсё гэта адбылося са мной”. Пазней на месца ДТЗ прыбегла нейкая жанчына. Яна пачала аказваць медычную дапамогу. Яна мела нейкі вопыт.
Там было вельмі цёмна. Гарэў нейкі адзін ліхтарык. Каля школы стаяла ўздоўж тратуара шмат машын”.
11.00. Пачаўся допыт яшчэ аднаго сведкі — Яўгена С. Гэта яшчэ адзін хлопчык, які ў той вечар гуляў ля школы №23. Яму 9 гадоў. Разам з хлопчыкам законны прадстаўнік — маці.
Яўген: “Я вучуся ў другую змену. У той дзень урокі былі да шасці вечара. Пасля ўрокаў ля школы мы гулялі ў даганялкі. З аднакласнікамі. Бегалі ля школы… Там стаялі машыны, ля тратуараў. Уладзь бег ля тратуара, потым праз дарогу. Ён бег за Мацвеем, які быў з іншага боку дарогі. Я не бачыў як Уладзя збіла машына… Пасля ўсяго кіроўца машыны выйшаў з яе і пачаў даставаць Уладзя. Уладзь быў пад машынай. Мы ўсе спалохаліся і пабеглі дадому”.
Хлопчык таксама расказаў, што машыны ля школы ездзілі часта. Але дзеці не баяліся бегаць там, бо гэта школьная тэрыторыя, а не вуліца.
Абвінавачаны ўвесь час стаіць у клетцы. Яго ахоўваюць два міліцыянты. Яшчэ адзін сочыць за парадкам у зале.
10.50. Пачаўся допыт сведкаў. Першым у залу суда выклікалі Мацвея М. Гэта адзін з хлопчыкаў, які бачыў момант наезду аўтамабіля “Поршэ Каен” на Уладзя. Хлопчык у залу суда ўвайшоў са сваім законным прадстаўніком — сваёй маці. Яны селі ў першым шэрагу.
Пракурор задае хлопчыку пытанні аб тым, дзе ён вучыцца, у якім класе, што было ў той вечар. Мацвей: “У той вечар мы засталіся гуляць пасля ўрокаў. Бегалі каля школы. Трэба было лавіць адзін аднога. Уцякаць. Хаваліся вакол школы, каб іншыя нас не знайшлі. Стараліся рабіць так, каб нас не злавілі іншыя дзеці… Там дзе мы бегалі — было цёмна. Святло ішло з вокнаў другога паверха… Мы хаваліся за слупы… Там, дзе мы гулялі, было шмат машын. Яны стаялі. Уладзь спачатку уцякаў, а потым даганяў. Уладзь бег за мной. Машыны ездзілі. Спачатку праехалі дзьве, а потым тая, якая збіла... Ён бег за мной. Бег, бег, бег. А потым машына на яго наехала і я яго больш не бачыў. Я абышоў машыну, убачыў што ён ляжыць пад машынай. Я уцёк. Уладзь ляжаў каля задніх колаў”.
10.35. Абвінавачаны не прызнаў сябе вінаватым ні па адным з пунктаў.
10.26. Другое хадайніцтва — адвакат звярнуўся да тэхнічнага спецыяліста з правам даваць афіцыйныя заключэнні. Яно апісвае ўсе абставіны ДТП, сцвярджае, што агляд месца здарэння быў зроблены недакладна.
10.20. У зале суда прысутнічае Марына Аляхновіч, сацыяльны педагог. Яе прысутнасць неабходная таму, што на працэсе ёсць непаўнагадовыя сведкі.
Адвакат абвінавачанага выступіў з хадайніцтвам. Ён просіць далучыць да справы дакументы, якія даказваюць, што абвінавачаны і яго фірмы (іх дзве) актыўна займаліся дабрачыннасцю. Пералічваюцца сумы, на якія аказвалася дапамога дзіцячым дамам — 10 млн, 10 млн, 10 млн, 15 млн рублёў.
10.10. Адкрыты працэс праходзіць у Фрунзенскім судзе сталіцы. Абвінавачваны сядзіць у клетцы пад аховай міліцыянтаў.
Працэс пачаўся. Перад гэтым суддзя паставіла пытанне аб дазволе відэа- і фотаздымкі падчас працэсу. Пацярпелая пакінула гэтае рашэнне суддзі. Абвінавачаны быў не супраць, аднак яго адвакат заявіў, што на працэсе ёсць непаўнагадовыя пацярпелыя. Таму ён лічыць неабходным забараніць фотаздымкі. Суддзя прыняла рашэнне выдаліць фатографаў і аператараў з залы.
Абвінавачаны сядзіць у клетцы. Цяпер суддзя яго апытвае.
У залы каля 40 чалавек, палова — журналісты.
***
Нагадаем, што перад судом паўстане кіроўца "Поршэ Каен", які збіў насмерць 9-гадовага мінскага школьніка 13 лістапада 2012 года. Здарэнне адбылося каля школы №23 у сталічным мікрараёне Сухарава.
Як паведамляе interfax.by са спасылкай на Генпракуратуру, мужчыну вінавацяць у "парушэнні правілаў дарожнага руху ці эксплуатацыі транспартных сродкаў, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека".
Фота — svaboda.org, bymedia.net