Студэнцкія праекты: альтанка з раялем, намёт-шэзлонг ды шкілет-павільён
Такія праекты студэнты даслалі на Мінскі архітэктурны форум. Неўзабаве ён распачнецца ў музеі Азгура (фота).
121106_martynovi4_arhitektory.mp3
Агулам каля паўсотні студэнтаў тыдзень будуць працаваць, каб пашырыць прастору музея, расказвае арганізатар Вольга Далініна:
“Удзельнікі дасылалі нам працы свайго бачання сцэны, павільёнаў…. Ёсць канкрэтнае заданне ад музея — распрацаваць канцэпцыю развіцця выставачнай прасторы. Каб яна была свабодная для трансфармацыі. Да нас прыязджаюць удзельнікі з усёй Беларусі. А таксама будзе шэраг лекцый, на якія могуць хадзіць усе жадаючыя. Студэнты будуць працаваць у творчых групах. Фармат такой калектыўнай дзейнасцi адсутнічае сёння ў нашай сістэме адукацыі”.
Кожную групу будзе курыраваць свой архітэктар. Акрамя таго, студэнтаў пазнаёмяць з калегамі з замежжа. А калі добра засвецяцца, могуць узяць на працу.
Вольга Далініна: “Пасля мінулага форуму такіх было каля 15 чалавек, з 60 удзельнікаў”.
Дзіўна, але ўладкаваліся тыя студэнты ў… прыватныя кампаніі. У Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва Еўрарадыё абяцаюць, што прадстаўнік пойдзе на гэты форум, калі атрымае запрашэнне.
“Калі мы атрымоўваем запрашэнне, нехта ідзе на такія мерапрыемствы. Што тычыцца гэтага форуму, пакуль не магу вам адказаць…”, — кажуць у Міністэрстве і ўзгадваюць, што прадстаўнік ведамства хадзіў на ўручэнне дыпломаў архітэктарам у ліпені!
У Мінскпраекце сёлета ўзялі на працу дзясятак маладых спецыялістаў, год таму — 30. Ці пойдуць адбіраць студэнтаў на форум, Еўрарадыё ў аддзеле кадраў сказаць не могуць.
Бо набіраюць ужо знаёмых выпускнікоў.
“Яны прыходзяць да нас на практыку і, калі спадабаліся, добрыя спецыялісты… бярэм. Часам тэлефануюць да нас з універсітэта, просяць, каб узялі”, — расказваюць у аддзеле кадраў.
І не прыгадваюць, каб хадзілі на студэнцкія форумы па новыя кадры.
Нагадаем, Мінскі архітэктурны форум пройдзе ў Мемарыяльным музеі Азгура з 12 па 18 лістапада.
Праект шкілетападобнага павільёна
Альтанка з раялем
Сцэна трансформер
Яшчэ адзін варыянт павільёна ад студэнтаў
Праект сцэны