Тэрмін арышту Бяляцкага падоўжаны на 10 сутак
За гэты час следчыя органы павінны будуць або выставіць яму абвінавачанне, або выпусціць, або падоўжыць тэрмін затрымання.
Па словах праваабаронцы Таццяны Равякі, Алеся Бяляцкага перавезлі ў следчы ізалятар на Валадарскага. З ім паспела ўбачыцца жонка. Яна перадала яму прадукты, вопратку і прадметы асабістай гігіены. Бяляцкі пачуваецца нармальна і не выглядае падаўленым.
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і кіраўнік незарэгістраванага праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі быў затрыманы 4 жніўня ўвечары ў Мінску. На яго кватэры і лецішчы правялі ператрус. Вобшук таксама быў у офісе цэнтру “Вясна”. Праваабаронцу вінавацяць ва ўхіленні ад уплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Яму пагражае 7 год турмы з канфіскацыяй маёмасці, перадае БелаПАН.