У 39 кіламетрах ад Астравецкай АЭС – зона магчымых ачагоў землятрусу

Японія змагаецца з наступствамі ад аварый на атамных станцыях, якія выклікаў 9-бальны землятрус. Тым часам будучая беларуская АЭС з’явіцца ў раёне, дзе ў 1908 годзе адбыўся гудагайскі землятрус моцай у 7 балаў. Пры гэтым нашыя навукоўцы не выключаюць паўторны землятрус у гэтым раёне.


“Поруч з Астравецкім раёнам, у 10-12 кіламетрах, праходзіць Ашмянская зона магчымых ачагоў землятрусу. Пры правядзенні даследаванняў ухіл рабіўся на гэты ачаг, адносна яго мадэліраваліся магчымыя сітуацыі”, — распавёў Еўрарадыё намеснік дырэктара геафізічнага маніторынгу НАН Беларусі Рустам Сераглазаў.


Прынамсі, паводле справаздачы Мінэнерга аб магчымым уздзеянні АЭС на асяроддзе, адлегласць да бліжэйшай кропкі, дзе магчымы землятрус, ацэньваецца ў 39 кіламетраў. Таксама на Астравецкай пляцоўцы могуць прайсці смерчы і шквалы. У справаздачы нават гаворыцца, што Астравецкая пляцоўка “не адпавядае” стандартам па ўздзеянні ураганаў ды смерчаў.

Наогул, як даведалася Еўрарадыё, у Беларуска-Прыбалтыйскім рэгіёне 18 зонаў сейсмічнай актыўнасці. Усе яны маюць патэнцыйныя ачагі. Землятрусы там не зафіксаваныя, але прыкметы актыўнасці не выключаюць сейсмічнага руху, кажа Рустам Сераглазаў.


Так, да прыкладу, на Астравеччыне не выключаны землятрус у 7 балаў! Менавіта сейсмічнасць Астравецкай пляцоўкі на бал большая за іншыя прапанаваныя ад пачатку Краснапалянскую і Кукшынаўскую.


Сераглазаў: ”Бальнасць залежыць ад перыяду, на які яе даюць. Калі гаворка ідзе пра 10 тысяч гадоў, а столькі  патрабуе АЭС, то там максімальны землятрус можа быць да 7 балаў. За меншы перыяд — менш. За тысячу гадоў — 6 балаў”.


10 тысяч гадоў — прамежак, праз які можа адбыцца землятрус. Але прамежак гэты няпэўны, кажа Рустам Сераглазаў.
Беларускія навукоўцы спасылаюцца на МАГАТЭ, паводле якога будаваць АЭС нібыта можна на пляцоўцы з сейсмічнай актыўнасцю да 9 балаў.

Прыкладна ў столькі ж балаў ацэньваецца землятрус у Японіі. Паводле інфармацыі на 12 сакавіка, у прэфектуры Фукусіма, дзе знаходзяцца дзве АЭС, яшчэ адчуваліся падземныя штуршкі ў 6-7 балаў. У панядзелак на АЭС "Фукусіма-1" адбыўся выбух вадароду на трэцім энергаблоку.


Што да Японіі, то аварыі на станцыях спецыяліст тлумачыць моцнасцю землятрусу. Маўляў, ён быў на мяжы і наогул такія землятрусы адбываюцца вельмі рэдка.


“Тэрыторыя Беларусі — не Японія. Гэта платформенная вобласць, дзе сяйсмічнасць нашмат ніжэй”, — запэўнівае Рустам Сераглазаў.

 
Ад землятрусу ж будучую АЭС збіраюцца абараняць пры дапамозе сейсмічнай сеткі для кантролю за сітуацыяй.


Будзе арганізавана сейсмічная сетка для маніторынгу і кантролю. Яна будзе адсочваць сітуацыю. Моцныя землятрусы не ўзнікаюць нечакана. Хаця здараецца і такое”, — прызнаецца намеснік дырэктара геафізічнага маніторынгу НАН.


Што да даследаванняў пляцоўкі пад АЭС, то  ўсе магчымыя бедствы там пралічаныя, кажа Рустам Сераглазаў. Праўда, як даведалася Еўрарадыё, мапа сейсмічнай актыўнасці у Беларусі маецца толькі за 1974 год. Але, на думку навукоўцы, гэта толькі нарматыўны дакумент, у спецыялістаў жа ёсць больш свежыя дадзеныя, якія грунтуюцца на даследаваннях. А вось новага нарматыўнага дакументу, кшталту мапы, пакуль няма.

Фота: i.obozrevatel.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі