Дагэтуль няма месца для сховішча радыеактыўных адходаў, але створана камісія
Куды ў выніку павязуць адходы, пакуль невядома
У Беларусі дагэтуль няма месца для сховішча радыеактыўных адходаў з Беларускай АЭС, але створана дзяржаўная камісія. Яна і зоймецца выбарам адпаведнай пляцоўкі. Такую пастанову прыняў урад, яна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У склад згаданай дзяржкамісіі ўваходзіць 17 чалавек, якія прадстаўляюць Мінэнерга, Мінпрыроды, Мінархітэктуры, Міністэрства аховы здароўя, Дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС, Генштаб Узброеных сіл, Нацыянальную акадэмію навук і шэраг дзяржпрадпрыемстваў. Кіруе камісіяй намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пархомчык.
Каб выбраць "прыярытэтную пляцоўку для збудавання пункта пахавання радыеактыўных адходаў", будуць разглядацца прапановы, матэрыялы навуковых даследаванняў. Чыноўнікі збіраюцца кансультавацца з экспертамі. Калі выбар дзяржкамісія нарэшце зробіць, сваю прапанову яна дашле Саўміну.
Дарэчы, год таму ў Дзяржатамнаглядзе заяўлялі, што ўжо ідзе "падрыхтоўчая праца". Выбар пляцоўкі планавалі зрабіць яшчэ да канца 2021-га, але нешта пайшло не так. Запланавана, што да 2030 года аб'ект павінен пачаць дзейнічаць. У Мінэнергетыкі РБ абяцалі, што перад пачаткам будаўніцтва правядуць грамадскія слуханні па праекце і ўлічаць меркаванне сумежных краін. Ужо дапускалася, што ядзерныя адкіды з БелАЭС могуць захоўваць на тэрыторыі Палескага радыяцыйнага запаведніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.