У Беларусі дагэтуль не выбралі месца для сховішча радыеактыўных адходаў
Куды ў выніку павязуць адходы, невядома / З архіва Еўрарадыё
Адпрацаванае ядзернае паліва з БелАЭС будуць перапрацоўваць у Расіі "з вяртаннем у Беларусь адходаў перапрацоўкі". Пра тое, што "прыняты такі варыянт", паведаміла начальнік упраўлення тэхнічнага суправаджэння АЭС "Белэнерга" Надзея Зданевіч. Паводле яе слоў, у РБ вернуцца адходы, якія "змяшчаюць радыенукліды цезіевай і стронцыевай фракцыі з выключэннем доўгажывучых радыенуклідаў".
Ёсць пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб абыходжанні з ядзерным палівам, і цяпер адбываецца яго "рэалізацыя".
"Распрацаваны праект пастановы Савета міністраў, якім прадугледжваецца ўстанаўленне ўпаўнаважаных арганізацый у галіне абыходжання з радыеактыўнымі адходамі, якія мы будзем атрымліваць пасля перапрацоўкі ў Расіі, і парадак прыняцця рашэнняў Міністэрства энергетыкі аб вывазе адпрацаванага ядзернага паліва на перапрацоўку ў Расію", — кажа прадстаўніца "Белэнерга".
Пляцоўка для размяшчэння "рэспубліканскага пункта пахавання радыеактыўных адходаў" дагэтуль не абраная. Але запланавана, што да 2030 года аб'ект павінен пачаць дзейнічаць. У Мінэнергетыкі РБ абяцаюць, што перад пачаткам будаўніцтва правядуць грамадскія слуханні па праекце і ўлічаць меркаванне сумежных краін.
Летась дапускалася, што ядзерныя адкіды з БелАЭС могуць захоўваць на тэрыторыі Палескага радыяцыйнага запаведніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.